Паралакс: У яблычак!


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

50 гадоў таму прафесар электратэхнікі Гэралд Эджэртан (Harold Edgerton) прачытаў лекцыю «Як зрабіць яблычны соус у Масачусэтскім тэхналагічным інстытуце?», падчас якой прадэманстраваў студэнтам фатаграфію кулі калібру 7,62 мм, якая праходзіць скрозь садавіну. Для здымка вучонаму, паводле яго, спатрэбіўся толькі адзін яблык.

Гэта бадай самы вядомы фатаздымак чалавека, які ніколі і не думаў называць сябе фатографам. «Я – электраінжынер. Фатаграфія для мяне – сродак, а не мэта, – шмат разоў заяўляў навуковец».

Аматары фатаграфіі мусяць быць удзячныя гэтаму чалавеку не столькі за прыгожыя кадры, колькі за электронны выбліск, які Эджэртан вынайшаў у 1931 годзе, калі яшчэ быў студэнтам. Калі б не ён, невядома, колькі б яшчэ давялося фатографам падпальваць парашок магнію, рызыкуючы ўтварыць у месцы фотасесіі пажар, або мяняць пасля кожнага здымка аднаразовую лямпачку з тым жа магніем, рызыкуючы давесці родную рэдакцыю да банкруцтва: у Савецкім саюзе адна такая лямпачка да выбліска «Зеленаград» каштавала ў свой час 50 капеек.

Пасля вучобы таленавіты юнак застанецца ў сценах МТІ, абароніць там доктарскую і будзе выкладаць у ёй больш за 40 гадоў. Падчас Другой сусветнай вайны прыборы Эджэртана ўжо будуць на ўзбраенні ў паветранай выведкі амерыканскай арміі. У ноч перад высадкаю саюзнікаў у Нармандыі яны выкарыстоўваліся для назіранняў за нямецкімі войскамі. А праз некалькі гадоў фатограф-вынаходнік атрымае ад ураду ЗША заданне зрабіць здымкі ядравых выпрабаванняў у Ціхім акіяне і ў Нью-Мехіка.

Палітыкі паказыталі славалюбства вучонага складанасцю і выключнасцю тэхнічнай задачы – ён, не раздумваючы, згадзіўся і пры дапамозе звышхуткаснага затвора зрабіў вельмі выразныя здымкі атамнага выбліску і ядравага «грыба» з адлегласці 11 км. На пазнейшыя пытанні пра маральныя ваганні гэты чалавек, які кожную нядзелю наведваў службу ў царкве, паціскаў плячыма. «У Творцы такія выбухі адбываюцца штодня. Сонца, напрыклад, – гіганцкі ядравы генератар, але гэты генератар сагравае нас ужо мільёны гадоў».

Свет фатаграфіі – па сутнасці не што іншае як свет застыглых імгненняў, але да Эджэртана яны ніколі не былі такія хуткія: час экспазіцыі здымка з яблыкам і куляй – адна мільённая секунды.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў