Таццяна Новікава: У Беларусі для эколагаў больш магчымасцяў, чым у Расеі


Сітуацыю вакол будаўніцтва Астравецкай АЭС абмяркуюць вясною падчас сустрэчы краінаў, якія падпісалі Орхускую канвенцыю. Гэты факт будзе мець вялікае палітычнае значэнне міжнароднага ўзроўню, мяркуе эколаг Таццяна Новікава.

Днямі ў Вільні прайшла супольная акцыя беларускіх і літоўскіх эколагаў, прысвечаная памяці ахвяраў атамных катастрофаў. Яе ўдзельнікі запалілі знічы і выставілі іх у форме слова “Radiacija” (радыяцыя). Яны таксама раздавалі мінакам улёткі, дзе было напісана, што Літва можа апынуцца ў “атамным коле”, калі ў Вісагінасе (Літва), Астраўцы (Беларусь) і Калінінградскай вобласці (Расея) паўстануць АЭС.

Грамадскасць Беларусі і Літвы мае права ўплываць на сітуацыю з будаўніцтвам атамных станцыяў, бо абедзве краіны падпісалі Орхускую канвенцыю. Таццяна Новікава зазначае, што дзякуючы гэтаму беларускія эколагі ў плане заканадаўства маюць больш магчымасцяў уплываць на сітуацыю, чым іх калегі ў Расеі, якая не далучылася да гэтага міжнароднага пагаднення.

Афіцыйны Менск, у адрозненне ад Масквы, падпісаў і Канвенцыю Э́спаа. Паводле яе, ацэнка ўплыву на навакольнае асяроддзе патэнцыйна небяспечных праектаў мае праводзіцца не толькі ўнутры дзяржаваў, але і ў сумежных краінах, якія могуць быць закранутыя ўздзеяннем гэтых аб’ектаў.

Аднак на практыцы магчымасці беларускіх эколагаў вельмі абмежаваныя. Нягледзячы на падпісаныя дакументы, грамадскасць Беларусі не ўдзельнічае ў абмеркаванні будаўніцтва Астравецкай АЭС і не мае ўплыву на прыняцце рашэнняў у гэтай справе. Чаму? Адмысловы камітэт Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН амаль год шукае адказаў на гэтае пытанне.

“Што вельмі здзівіла Камітэт выканання Орхускай канвенцыі, дык гэта тое, што будаўніцтва дэ-факта пачалося летась, яшчэ да заканчэння грамадскага абмеркавання гэтага пытання. Расследаванне ў справе парушэння Беларуссю Орхускай канвенцыі падчас будаўніцтва АЭС цягнулася год”, – кажа Таццяна Новікава.

Напрыканцы верасня справа аб парушэнні Беларуссю Орхускай канвенцыі пры рэалізацыі праекту беларускай АЭС разглядалася ў Жэневе. Камітэт заслухаў прадстаўнікоў уладаў Беларусі ды эколагаў. У выніку ён вырашыў працягнуць расследаванне і запытаў у Менску дадатковыя звесткі.

belsat.eu

Стужка навінаў