Дзяржаўныя будынкі ва Украіне ачышчаюць ад прарасейскіх сепаратыстаў


У Харкаве вызвалены будынак абласной адміністрацыі, у Данецку – сядзіба Службы бяспекі.


У Харкаве прайшла антытэрарыстычная аперацыя з удзелам спецпадраздзялення «Ягуар». Пра гэта на сваёй старонцы ў «Facebook» паведаміў дэпутат ад «Батьківщины» Мікалай Княжыцкі са спасылкаю на міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава. «Гаварыў з Авакавым. У Харкаве прайшла антытэрарыстычная аперацыя. Затрыманыя 70 парушальнікаў. Яны ўжо ў кіеўскіх і палтаўскіх СІЗА. Дзее «Ягуар» з цэнтральнай Украіны. Дзее прафесійна – без стрэлаў і ахвяраў. Гатовыя дзеяць паўсюль на ўсходзе, нейтралізуючы злачынцаў», – напісаў ён.
Учора ўвечары ад прарасейскіх сепаратыстаў вызвалілі будынак СБУ ў Данецку. Учора раніцаю сепаратысты на прыступках будынку Данецкай абласной адміністрацыі абвесцілі пра стварэнне Данецкай рэспублікі ды ўваходжанне ў склад Расеі. За імі – увечары 7 красавіка – пра стварэнне сваёй рэспублікі заявілі і харкаўскія сепаратысты.
Беспарадкі, ініцыяваныя прыхільнікамі Расеі, пачаліся 6 красавіка ў Луганску і Данецку.
АК, belsat.eu, паводле pravda.com.ua, unian.ua
Стужка навінаў