Інтэрнаўты пачысцілі парк Горкага. Гэтак адказалі на абвінавачванне ў «балбатні» (Фота)


У сталічным парку ўпершыню прайшоў суботнік, які менчукі зарганізавалі самастойна, а не на загад звыш.

Напрыканцы лютага ў сувязі з высяканнем векавых дрэваў у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага ягоная адміністрацыя сустрэлася з занепакоенаю грамадскасцю. Менчукі абураліся тым, што дрэвы знішчаюць без якога-кольвек запыту ў іх. Высечку прыпынілі, але адміністрацыя папракнула тады актывістаў, што яны могуць толькі «балбатаць», а практычнае дапамогі ад іх не дачакацца. Менчукі адразу прапанавалі свае сілы на карысць парку.

Некалькі дзён таму чыноўнікі прапанавалі зарганізаваць суботнік мастаку Ігару Корзуну, які актыўна прапагандуе зялёныя насаджэнні праз суполку «Гарадскі ляснічы» («Городской леcничий») у «Фэйсбуку». Спадар Корзун згадзіўся і скаардынаваў кампанію ў інтэрнэце, даслаўшы карыстальнікам 1200 запрашэнняў на красавіцкі суботнік. Абяцалі прыйсці 127 асобаў, яшчэ 76 вагалася. Сёння ж аб 11:00 каля цаглянага будынку адміністрацыі сабраліся агулам прыблізна 60 людзей.

Улады парку выдалі ўсім неабходны інвентар, а менчукі падзяліліся на групы ды заняліся зборам смецця, фарбаваннем старой сцэны ды заняткамі з дзецьмі, якія слухалі аповед пра дрэвы і малявалі.

Пасля сканчэння прыбірання бар «Ў» пачаставаў удзельнікаў суботніку каваю, гарбатай і печывам. Валанцёры разыходзіліся неахвотна і пыталі, калі можна будзе дапамагчы гораду наступным разам. «У Менску шмат паркаў, можна прыбраць парк Чэлюскінцаў», – паабяцаў сабраць усіх яшчэ раз Ігар Корзун.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў