19 сакавіка – «Народны сход» у Слоніме


Слонімская кааліцыя дэмакратычных сілаў правядзе ў цэнтры Слоніму «Народны сход» з патрабаваннем эканамічных рэформаў.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай кааліцыяй дэмакратычных сілаў.

Аўтары заявы звяртаюць увагу на тое, што за апошнія гады ў горадзе закрыўся шэраг прадпрыемстваў: аўтарэмзавод, «Тэкстыльнік», «Пух-пяро», «Сельгазтэхніка» і інш., іншыя прадпрыемствы пайшлі на заўважнае скарачэнне супрацоўнікаў.

«За 20 год у Слоніме не пабудавалі ніводнага новага прадпрыемства. Затое пабудавалі пракуратуру, міліцыю, суд, біржу працы, крамы», – нагадалі аўтары заявы.

Паводле іх, «работы няма, заробкі малыя, а цэны стала растуць, пры гэтым улады ўводзяць усё новыя і новыя падаткі».

Прадстаўнікі слонімскай дэмакратычнай кааліцыі прапануюць сабрацца і абмеркаваць, як і за якія сродкі жыць у Слоніме далей.

«Мы спадзяешся, што на сход прыйдзе шмат слонімцаў. Бо эканамічная сітуацыя ўвесь час пагаршаецца, з працай праблема, заробкі невялікія, кошты ўвесь час растуць, людзі не ведаюць як далей выжываць. А тут яшчэ гэты абсурдны дэкрэт увялі пра «дармаедаў«», – сказаў сайту Pyx.by прадстаўнік арганізатараў.

Ён адзначыў, што апошнім часам усё больш слонімцаў пытаецца, калі будзе акцыя ў Слоніме.

«Усім ужо надакучыла слухаць хлусню ад уладаў, людзі хочуць выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне. Таму ў нядзелю, 19 сакавіка, кожны жадаючы атрымае такую магчымасць», – заключыў прадстаўнік кааліцыі дэмсілаў Слоніма.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле pyx.by

Глядзі таксама
Каментары