У Менску пачалі завочна судзіць Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна


У Менскім гарадскім судзе пачаўся завочны працэс супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна, перадае БелТА. Іх вінавацяць у закліках да санкцыяў.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі «Белсату». 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

Стваральнікам Беларускага фонду спартовай салідарнасці пагражае ад 4 да 12 гадоў – гэткае пакаранне прадугледжвае частка 3-яя артыкулу 361 «Заклікі да санкцыяў ды іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін цяпер за мяжою. БелТА піша, што фігурантаў «апавясцілі належным чынам, але ў суд яны не з’явіліся». На пасяджэнні прысутнічаюць дзяржаўны абвінаваўца, адвакаты, прадстаўнікі грамадзянскага пазоўцы.

Справу разглядаюць у адкрытым рэжыме.

Пасяджэнне Менскага гарадскога суда паводле справы супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Менск, Беларусь. 19 снежня 2022 года.
Фота: БелТА

Шкоду ад «злачынных дзеянняў» Герасімені і Апейкіна ацанілі на 853 тысячы беларускіх рублёў. Як заявіў пракурор, беларускі арганізатар чэмпіянату Еўропы па роварным спорце на трэку зрабіў унёсак 200 тысяч еўраў, каб гарантаваць правядзенне турніру. Але спаборніцтвы скасаваліся, а грошай не вярнулі. Бок абвінавачання мяркуе, што чэмпіянату не правялі ў Беларусі акурат дзякуючы заклікам Герасімені ды Апейкіна.

Пракурор, што падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачанне супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Менск, Беларусь. 19 снежня 2022 года.
Фота: БелТА

12 снежня ў Менскім гарадскім судзе пачаўся першы завочны суд – паводле справы адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі». Усе фігуранты – Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая – таксама за мяжою.

Гэтак званае спецыяльнае вядзенне ўвялі ў Беларусі ўлетку. Завочны суд пагражае тым, каго вінавацяць паводле 48 «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулаў і зʼехаў з краіны.

Артыкулы
Завочныя суды над беларусамі. Чаго чакаць і што рабіць, калі пазбаўляюць грамадзянства і маёмасці
2022.10.06 14:52

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў