Аляксандра Герасіменя пра завочны суд: Паказальны выступ з мэтай завалодаць чужой маёмасцю


19 снежня Менскі гарадкі суд пачаў разглядаць чарговую справу ў межах так званага «спецыяльнага вядзення». На лаўцы падсудных, як мяркуе рэжым, павінны былі б сядзець беларускія спартоўцы Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін. Але лаўка пустая, клетка – таксама, суддзя і пракурор прамаўляюць у пустату. Спыталіся, што думаюць пра завочны суд над імі самі «абвінавачаныя».

Аляксандра Герасіменя ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: ЯП / Белсат

«Шчыра кажучы, не ведаю, як успрымаць гэты цырк, які зараз адбываецца ў РБ. Бо назваць гэта судовым працэсам складана, ніякіх прававых падтаваў у краіне не засталося. Можа, гэта паказальныя выступы з мэтай завалодаць чужой маёмасцю?» – выказала сваё меркаванне трохразовая алімпійская медалістка і чэмпіёнка свету ў плаванні Аляксандра Герасіменя.

Лукашэнка пакрыўдзіўся…

Сусветна вядомая спартоўка прызнаецца, што нават не спрабавала нейкім чынам узаемадзейнічаць з судовай сістэмай напярэдадні ці падчас завочнага «працэсу» над ёй. Мяркуе, што, «калі хунта верне незаконна ўтрыманую ўладу, – усе пастановы і так будуць адмененыя, аж з 1994 года».

Першы завочны суд распачаўся ў Беларусі 12 снежня. На ім «разбіраюць» крымінальную справу, заведзеную на адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі». «Судовы працэс» над стваральнікамі Фонду спартовай салідарнасці («BSSF») Аляксандрай Герасіменяй (былая старшыня «BSSF», сышла з арганізацыі ў красавіку 2022 года) і выканаўчым дырэктарам фонду Аляксандрам Апейкіным – другі па ліку. Аляксандра Герасіменя мяркуе, што такая чарговасць паказвае, «каго больш за ўсё баіцца рэжым і хто прынёс найбольшую шкоду хунце».

«Вядома, зліў службовай інфармацыі вельмі моцна дэмабілізуе, таму «чорнакніжнікаў» пачалі судзіць першымі. Ну а спорт, які ўсё жыццё быў цацкай для Лукашэнкі, не адказаў яму ўзаемнасцю – крыўда…» – тлумачыць Аляксандра Герасіменя.

Аляксандр Апейкін: Ніякага спорту не будзе ў Беларусі

У сваю чаргу, Аляксандр Апейкін выказвае сумненне ў тым, што лукашэнкаўскія следчыя мелі нейкія прыярытэты што да чарговасці завочных судоў.

Александр Опейкин, директор Белорусского фонда спортивной солидарности в студии Белсата
Аляксандр Апейкін, дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, ў варшаўскай студыі «Belsat TV». Варшава, Польшча. 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: ЯП / Белсат

«Я не думаю, што мы там былі ў кагосьці на нейкім асаблівым кантролі. Проста нашая тэчка ляжала недзе бліжэй ад іншых», – кажа Аляксандр Апейкін.

Спартовец прызнаецца, што не сачыў і не сочыць за сітуацыяй у Менскім гарадскім судзе.

«Усё гэта не мае нічога агульнага не толькі з законнасцю ці справядлівасцю, але – і з рэальнасцю. Таму – рэакцыя нулявая», – кажа Аляксандр Апейкін.

На ягоны погляд, гэтым судом Лукашэнка страляе сам сабе ў калена і спальвае ўсе магчымыя масты, якія маглі быць. А «прысуд», які агучаць, адаб’ецца ў першую чаргу на беларускіх спартоўцах і спартовых функцыянерах.

«І яны павінны разумець, што ніякага спорту ў сённяшняй Беларусі не будзе ўвогуле, пакуль Беларусь будзе пад Лукашэнкам і пакуль будуць адбывацца такія суды. Спорт у Беларусі пачнецца толькі тады, калі Беларусь будзе дэмакратычнай дзяржавай. Тады пачнецца размарожванне, зняцце санкцыяў, але ўсе гэтыя працэсы ўсё адно будуць ісці праз «Беларускі фонд спартовай салідарнасці» і праз дэмакратычныя інстытуцыі», – упэўнены Аляксандр Апейкін.

Магчымасць такога судовага абсурду ў Беларусі спартовец тлумачыць канцом эпохі і «апошняй фазай дыктатуры», якая раней назіралася ў СССР і Усходняй Нямеччыне канца 1980-х. Па ягоных словах, беларускаму рэжыму надыходзіць канец, бо ён ужо не мае «праектаў будучыні». Таму ставіцца да завочных судоў усурʼёз не выпадае, лічыць Аляксандр Апейкін. Каб зразумець, што зараз адбываецца ў Беларусі, раіць глядзець нямецкія фільмы «Гуд бай, Ленін» і «Жыццё іншых».

«А каб паглядзець, як выглядае бязвыхаднасць, зірніце адным вокам на фоткі з гэтага так званага завочнага суду над намі», – рэкамендуе выканаўчы дырэктар «BSSF» Аляксандр Апейкін.

За што «судзяць» спартоўцаў?

Як перадавалі 19 снежня прапагандысцкія агенцтвы, плыўчыху Аляксандру Герасіменю і гандбаліста Аляксандра Апейкіна завочна судзяць за стварэнне ў 2020 годзе «Беларускага фонду спартовай салідарнасці», праз які яны нібыта «распаўсюджвалі загадзя ілжывыя звесткі і выдумкі аб падзеях, якія мелі месца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь перад і пасля выбараў прэзідэнта». А таксама – заклікалі да байкатавання спартовых спаборніцтваў у Беларусі, чым учынілі «шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі ў палітычнай і сацыяльнай сферах» (ч. 3 арт. 361 КК).

Пасяджэнне Менскага гарадскога суда паводле справы супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Менск, Беларусь. 19 снежня 2022 года.
Фота: БелТА

Як тлумачыў раней СК, «спецыяльнае вядзенне – гэта вядзенне ў крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская назвала завочныя суды, якія пачаліся ў Беларусі, «чарговым злачынствам супраць народу», і заявіла, што ўсе асуджаныя на такіх судах беларусы будуць рэабілітаваныя.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў