КДБ уключыўся ў семінар па бяспецы беларусаў у Варшаве. Актывіст расказаў, як яго «вербавалі»


Дзяржаўныя медыі Беларусі пахваліліся аперацыяй сілавікоў: актывіст Алег Аксёнаў 18 лістапада сабраў семінар па бяспецы ў Варшаве, на якім раптоўна выступіў супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Актывіст расказаў «Медыязоне», як гэта адбылося.

Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак
Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак выступае на семінары ў варшаўскім Моладзевым хабе. 18 лістапада 2023 года. Скрыншот: ONT TV Channel / Youtube

Пра аперацыю расказалі на дзяржаўным тэлеканале АНТ. Паводле сілавікоў, магілёўскі актывіст БХД Алег Аксёнаў адгукнуўся на вакансію «пазаштатнага аўдытара Еўрапейскай падліковай палаты» – КДБ праз гэтую працу хацеў здабываць звесткі аб тым, як праціўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі карыстаюцца еўрапейскімі грантамі. Сілавікі заяўляюць, што Аксёнаў, сам таго не ведаўшы, больш за год быў «шпіёнам КДБ».

Здаць свайго «шпіёна», як распавядаюць сілавікі, вырашылі тады, калі той вырашыў змяніць працу. На семінары па бяспецы ў варшаўскім «Моладзевым хабе», які ладзіў Аксёнаў, у эфір па відэасувязі ад імя «Фабіё Зімэра» выйшаў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, які падзякаваў Аксёнаву за «супрацу» і прапанаваў астатнім «явіцца з павіннай» у Беларусь і «пакаяцца».

З матэрыялаў прапагандыстаў не відаць, каб праз Аксёнава здабылі нейкія істотныя звесткі – у сюжэце АНТ нават паказалі скрыншот, на якім нібыта Аксёнаў напісаў, што яму «фінансавая інфармацыя абсалютна недасяжная». Ды прапагандысты заяўляюць, што Аксёнаў «запісваў неабходную інфармацыю на дыктафон і дасылаў у КДБ».

Алег Аксёнаў – сапраўдны актывіст з Магілёва, колішні каардынатар абласнога арганізацыйнага камітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Да пачатку 2022 года заставаўся ў Беларусі, цярпеў ад палітычнага пераследу, трапляў пад арышт.

Як расказаў Аксёнаў «Медыязоне», ён спачатку пазнаёміўся з цалкам рэальным дэпутатам з Еўразвязу, які сапраўды быў чальцом камісіі па бяспецы. Затым ад імя таго дэпутата яму прапанавалі працу – і ён не думаў, што гэта сілавікі даюць яму заданні. З працадаўцам камунікавалі праз Telegram, той даваў «тэставыя заданні», каб стаць «супрацоўнікам аналітычнага аддзелу бяспекі Еўразвязу».

«Праца», па словах Аксёнава, заключалася ў прысутнасці на імпрэзах. Да раскрыцця ён паспеў даць чатыры справаздачы са спісамі выступоўцаў.

«Уся гэта інфармацыя, насамрэч, не варта нічога, таму што яна была ў адкрытым доступе, – запэўнівае Аксёнаў. – Мяне запытвалі ўвесь час пра фінансавы складнік. Але ж, паколькі я не з’яўляўся арганізатарам мерапрыемстваў, ніякай інфармацыі ў гэтым плане не было. Таму я проста пазначаў, што прайшло мерапрыемства, прысутнічалі столькі чалавек».

Ён заяўляе, што згаданых прапагандыстамі дыктафонных запісаў не было. Але грошы ад, як аказалася, КДБ ён сапраўды атрымліваў, пераводы былі з рэальнага рахунку, і гэта з польскім бокам абмяркуюць.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў