Мінфін заяўляе, што своечасова аплочвае крэдыты, але ў рублях, а не ў валюце


Мінфін Беларусі настойвае, што крэдыты Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця вяртаюць. Але праплаты робяцца ў адпаведнасці з загадам Лукашэнкі ў беларускіх рублях, паведамляе прэсавая служба ведамства.

Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.
Фота: neg.by

Сусветны банк заявіў, што Беларусь не выконвае абавязкаў і не разлічваецца за крэдыты ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця. У адказ Міністэрства фінансаў нашай краіны пярэчыць і сцвярджае, што крэдыты аплочваюцца. Але ведамства нагадвае, што супраць уладаў Беларусі Захад увёў санкцыі, якія не даюць магчымасці праводзіць разлікі ў еўрах і доларах ЗША. У сувязі з гэтым беларускія чыноўнікі прынялі дакумент, які прадугледжвае «часовы парадак выканання абавязкаў па вонкавых дзяржаўных пазыках, атрыманых ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, Паўночнага інвестыцыйнага банку, у беларускіх рублях».

Таму чыноўнікі ў Мінфіне сцвярджаюць, што крэдыты аплачваліся, паколькі ў красавіку-кастрычніку пералічвалі плацяжы на асобны бягучы рахунак у беларускіх рублях, створаны ў ААТ «ААБ Беларусбанк». А выплаты ў валюце абмежаваныя.

Але чыноўнікі не нагадваюць, што павінныя разлічвацца паводле падпісаных дамоваў, у якіх прапісана ў тым ліку і валюта плацяжоў, таму фармальна Менск парушае кантракты. Раней за аналагічныя крокі міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прызналі дэфолт для чатырох выпускаў беларускіх еўрааблігацыяў.

Паводле Сусветнага банку, Беларусь пратэрмінавала плацяжы больш як на 68 мільёнаў долараў. Агульная сума выдаткаваных Менску крэдытаў ад банку  амаль мільярд долараў. За пратэрмінаванне пазыкаў Беларусь будзе абавязаная выплаціць штрафы і пагоршыць сваю і без таго зруйнаваную крэдытную рэпутацыю.

Каментар
Штрафы і ўдар па рэпутацыі: што азначае заява Сусветнага банку пра адмову Беларусі плаціць па крэдытах
2022.10.18 14:28

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў