За выходныя ў Беларусі патанулі 10 асобаў


За мінулыя выходныя, 17–18 чэрвеня, у Беларусі патанулі 10 асобаў, у тым ліку двое падлеткаў, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.

Дзяўчаты абліваюць адна адну вадой у вадасховішчы Дразды. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Увечары 18 чэрвеня ў Полацку патануў 17-гадовы падлетак. Ён палез купацца ў кар’еры пасля ўжывання алкаголю, але не ўмеў плаваць.

Таксама на выходных у Рэчыцкім раёне знікла 15-гадовая дзяўчына, якая прыехала на бераг ракі адпачываць разам з бацькамі.

«Падчас пошукавых мерапрыемстваў на беразе ракі знойдзены мабільны тэлефон падлетка. На дне ракі знойдзены плед школьніцы. Цяпер працаўнікі МНС і АСВОД працягваюць пошукі дзяўчынкі. Устаноўлена, што месца, дзе адпачывала школьніца з сямʼёй, не прызначанае для купання, бераг абрывісты і каля ракі моцная плынь», – распавялі ў ведамстве.

Па ўсіх фактах утаплення вядуцца правяранні.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў увесь час нагадвае, што нельга купацца ў не абсталяваных адмыслова месцах. Ныраць і плаваць у незнаёмых вадаёмах нават у цвярозым стане можа быць небяспечна праз зарослае дно, тэхнічнае смецце ў вадзе ды іншае. Таксама забаронена заходзіць у вадаём у нецвярозым стане.

Парады
Як выжыць улетку ў экстрэмальнае надворʼе
2022.07.10 14:59

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў