«Піянер, будзь гатовы!» – «Заўсёды гатовы!»

Летась піянерская арганізацыя адзначыла сваё стагоддзе, сёння спаўняецца 101 год з дня яе заснавання. Народзіны беларуская піянерыя адзначыла, практычна не існуючы. Але справа Леніна жыла і жыве. У прыватнасці ў лукашэнкаўскай Беларусі, у якой жорстка песцяць (тут, мабыць, пасуе такая гульня неадпаведных словаў) камуністычнае мінулае.

Ілюстрацыйны здымак. Урачыстасці з нагоды 95-годдзя Беларускай піянерскай арганізацыі.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Ад самага стварэння і да 1924 года піянерская арганізацыя мела імя Спартака (адразу ўступіла ў актыўнае дзеянне пралетарская ідэалогія. Спартак – гэта той, які ў 70-х гадах да нашай эры кіраваў паўстаннем рабоў і гладыятараў, і цяпер ягонае імя выкарыстоўваецца хіба толькі ў назве гомельскай кандытарскай фабрыкі і спартовых камандаў). Пасля смерці Леніна піянеры атрымалі ў спадчыну ягонае імя. Кіраўніцтва піянерыяй ажыццяўляла гэтак званая мацярынская арганізацыя – ЦК ВЛКСМ. А ўсе падпарадкоўваліся Камуністычнай партыі.

У падначаленых ЦК КПСС структурах была строгая іерархія: спачатку, у другім класе, ты рабіўся акцябронкам і табе ўручалі значок (ужо не памятаю, ці самі куплялі, ці яны былі школьныя, бюджэтныя), на якім быў адлюстраваны вобраз маленькага кучаравага Ільіча. Акцябратамі хадзілі ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў. І прыняцце ў акцябраты было не такім пышным, як у піянеры. Хутчэй, проста рабіўся невялікі рытуал перад усім класам. А вось у піянеры трэба было ўвайсці калі не выдатнікам, то актыўным завадатарам школьных мерапрыемстваў і абавязкова з узорнымі паводзінамі. Прызнаюся, я не надта меў такія дасягненні, і мяне прымалі не пры ўсім класе, а недзе асобна, у піянерскім пакоі, будзённа, каб дабраць колькасць. Пасля ўсе імкнуліся выглядаць больш дарослымі і ўступіць у камсамольцы. А далей тыя, хто хацеў зрабіць кар’еру, абавязкова мусілі стаць чальцамі КПСС. Туды ўжо набор быў найбольш строгім – з абавязковай рэкамендацыяй некалькіх чальцоў партыі, якія мелі ў ёй стаж раней, разглядам кандыдатуры на сходзе перад усім залам – і далей радасная дарога ў светлую камуністычную будучыню. Нельга было пераскочыць ад акцябронка да камсамольца, а будучы піянерам, прапусціць камсамольскае юнацтва, перш чым стаць чальцом партыі.

Вяртаючыся да піянераў, нельга не адзначыць, што нясвоечасовае або не з першага заходу ўступленне ў шэрагі было ледзь не трагедыяй. Дзеці (часцей дзяўчаткі, але і хлопчыкі таксама) пераймаліся з гэтага вельмі моцна: прыходзілі дадому, закрываліся ў пакоі, плакалі. Бо гэта быў у некаторай ступені сорам, што ты адстаў, ты недзе схібіў і, адпаведна, можна было сябе лічыць няўдачнікам. Забываліся нават на школьнае каханне і на маміну ежу.

Стварэнне піянерскай арганізацыі было свайго роду «адказам Чэмбэрлену». Піянер, як скаўт, толькі са знакам якасці. Скаўтынг з’явіўся ў Вялікай Брытаніі на пачатку XX стагоддзя. І асноўнай задачай яго была дапрызыўная вайсковая падрыхтоўка юнакоў. У перакладзе з англійскай «скаўт» значыць «выведнік». У 1915 годзе на Першым усерасейскім з’ездзе скаўтызму адзін з яго заснавальнікаў, Эраст Цытовіч, упершыню агучыў галоўны лозунг піянерыі: «Сотні тысяч хлопчыкаў і дзяўчатак на заклік «Будзьце гатовыя!» павінныя стройна і весела адказваць: «Заўсёды гатовыя!» Цытовіч асабіста з трыбуны прадэманстраваў, як гэта павінна гучаць. Дарэчы, правобразам піянерскай формы паслужыла форма скаўтаў, хаця і ў трохі змененым выглядзе. Характэрны зялёны гальштук пераўтварыўся ў чырвоны (цяпер у беларускіх піянераў гальштук, зразумела чаму, напалову зялёны, напалову чырвоны), зялёная кашуля зрабілася белай. Але знакаміты дэвіз і адказ на яго («Будзь гатовы!» – «Заўсёды гатовы!») засталіся. Толькі ўзмацніліся ідэалагічна: «Піянер, у барацьбе за справу Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу будзь гатовы!» І адказ быў той жа: «Заўсёды гатовы!»

Газета «Піянер Беларусі» на выставе «Эпоха піянерыі», прысвечанай 100-годдзю Усесаюзнай піянерскай арганізацыі У.І. Леніна ў Музею Перамогі, Масква, Расея.
Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum

І яшчэ можна ўзгадаць з мінулага, што ў жыцці савецкіх піянераў былі два важныя месяцы: травень і верасень. У залежнасці ад таго, калі спаўняліся «піянерскія» 10 гадоў. Звычайна прыём у піянеры адбываўся вельмі ўрачыста. І абавязкова ля помніка ці бюста, ці партрэта Леніна. Давалася клятва (ці, больш дакладна, урачыстае абяцанне): «Я (прозвішча, імя) уступаючы ў шэрагі піянерскай арганізацыі імя Уладзіміра Ільіча Леніна перад тварам сваіх таварышаў урачыста клянуся горача любіць і берагчы сваю Радзіму…» Прыходзілі на свята ў белых кашулях без гальштукаў, вярталіся з пачэсным «чырвоным сябрам» на шыі. Было нават так, што ўсе піянеры пры наяўнасці гальштука ездзілі ў грамадскім транспарце бясплатна. Але калі надыходзіў час уступлення ў камсамол, гальштукі хавалі ў кішэні формы, каб не падавацца малымі шкалярамі.

Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя існуе дагэтуль. І калі раней, быццам бы, умоўна бацькі маглі напісаць заяву аб тым, што не хочуць, каб іхнае дзіця было піянерам, то цяпер гэта амаль нідзе не праходзіць. Але актыўнасць піянерыі зніжаецца. Апошні раз я бачыў дзяўчатак у чырвона-зялёных гальштуках, калі яны, саромеючыся і ўсміхаючыся, хаваючы вочы і апускаючы долу галаву, спявалі разам з вертыкальшчыкамі і бээрэсэмаўцамі песню «Кацюша» перад ветэранамі вайны, якія ўжо ледзь слухалі, гледзячы некуды ў далячынь і не праяўляючы хоць якіх эмоцыяў. Калі паглядзець навіны на сайце арганізацыі за кожны месяц, то падзеяў там – кот наплакаў. Адна ў красавіку, адна – у траўні. Лепш бы за мяжу дзяцей вывезлі, паказалі, як людзі жывуць. Але ў беларускай піянерыі іншыя мэты. На пачатку траўня Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя і БРСМ заключылі пагадненне аб супрацы з агульнарасейскім грамадска-дзяржаўным дзіцяча-моладзевым «Рухам першых» («Движение первых»).

Ілюстрацыйны здымак. Урачыстасці з нагоды 95-годдзя Беларускай піянерскай арганізацыі.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Ужо сёння, як паведамляецца на тым жа сайце, 500 самых актыўных дзетак сабраліся ў сталіцы, каб узяць удзел у фінале III Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «Агеньчык запрашае сяброў»: прасунутая акрабатыка, энергічныя танцы, задорныя крычалкі. Упершыню на фестывалі была прадстаўленая намінацыя «Рух угору» («Движение вверх») – камандны танец са скакалкай, які патрабуе не толькі выдатнай фізічнай формы, але і каардынацыі рухаў і гнуткасці. Падтрымаць бы дзетак у іхным памкненні быць цікавымі і патрэбнымі грамадству і радзіме рознымі, хоць невялікімі матэрыяламі з фота ў прэсе. Але пра гэтую «дробязную» актыўнасць – ані слова. Ні БелТА, ні «Беларусь сегодня», ні прадзяржаўныя тэлеканалы на час напісання матэрыялу не далі ані кроплі інфармацыі. Затое расейскага прапагандыста Барыса Карчэўнікава прыняў у піянеры былы саліст групы «На-На» Уладзімір Лёўкін. Вось так, на 101-м годзе існавання арганізацыі, яе сябры – піянеры – зрабіліся мэмамі і пародыяй на саміх сябе ў мінулым.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў