За 2000 гадоў да Марыупалю: ТОП-3 найбольш гераічных абаронаў гарадоў у гісторыі


Да пачатку буйнамаштабнай агрэсіі Масквы супраць Украіны Марыупаль быў самым прыгожым і заможным горадам украінскага Данбасу. Ужо 24 лютага яго абстраляла артылерыя, а ў пачатку сакавіка пачаліся баі за аточаны горад.

Такім чынам, украінскія жаўнеры ўжо больш за месяц абараняюць Марыупаль ва ўмовах поўнай перавагі ворага ў колькасці асабовага складу і ўзбраенні. Горад амаль цалкам знішчаны расейскай артылерыяй і авіяцыяй, аднак супраціў вайскоўцаў і жыхароў гораду не спыняецца.

Абарону Марыупалю ўжо называюць гераічнай самі ўкраінцы і многія замежныя назіральнікі.

Абаронцы якіх абложаных з усіх бакоў гарадоў вызначыліся ў гісторыі такімі ж мужнымі і самаадданымі ўчынкамі?

Старажытнарымскі Марыупаль

Даведка
Пераможны Ганібал пасля бітвы пры Канах. Мастак Сэбаст’ен Шлёдц (Sébastien Slodtz). Крыніца: wikipedia.org

Хіба што самы цяжкі час для рэспубліканскага Рыму надышоў падчас вайны з Карфагенам у 210-х гадах да Раства Хрыстова. Вялікі вайсковы правадыр карфагенцаў Ганібал знішчыў рымскае войска ў бітве пры Канах і рушыў па Італіі.

Гэтак, у 216 годзе ён падышоў да невялікага гораду Казілінум (Casilinum), у якім былі толькі 500 жаўнераў і мясцовыя жыхары. Горад быў абаронены мурамі, але ў ім не хапала хлеба. Спачатку Ганібал адправіў да гораду адносна невялікі атрад, спадзеючыся, што спалоханыя ворагі самі здадуць горад. Аказалася, наадварот – абаронцы выйшлі насустрач карфагенцам і разбілі іх.

Тады Ганібал узяўся за справу сур’ёзна – усім войскам атачыў горад. І тут каса на камень наскочыла. Абаронцы адбівалі атакі і нават часам атакавалі самі. І Ганібалу нават не дапамог залаты вянок, які той абяцаў ваяру, каторы першым узыдзе на сцяну абложанага гораду. У выніку пасля крыўдных стратаў Ганібал адвёў войска на зіму, а ўжо ў наступным годзе паспрабаваў узяць Казілінум яшчэ раз. Ад голаду ў горадзе зʼелі не толькі сабакаў і катоў – сталі паляваць на мышэй.

Вось так маглі выглядаць абарончыя муры Казілінуму. Крыніца: Heparina1985 / wikipedia.org

Вясной абаронцы пасеялі рэпу ўздоўж гарадскіх сценаў. Калі Ганібал даведаўся пра гэта, ён усклікнуў: «Няўжо я буду сядзець пад Казілінумам, пакуль яна не вырасце?» У выніку яму прыйшлося пайсці на перамовы, і рымляне заплацілі золатам за тое, што абаронцы гораду будуць вызваленыя. Горад быў захоплены, але на некалькі месяцаў стрымаў карфагенскае войска, што дапамагло ў будучыні выгнаць ворага з Італіі і закончыць вайну перамогай.

Рыцарскі Марыупаль

Эпоха крыжовых паходаў быццам бы ўжо закончылася, але на межах хрысціянскага свету ў ХVI стагоддзі яшчэ працягвалася барацьба з іншаверцамі, якія наступалі на Еўропу. У гэты час паноўнай сілай на Міжземным моры стала Атаманская імперыя, якая перажывала часы сваёй найбольшай велічы і магутнасці.

Заснаваны яшчэ ў ХІІ стагоддзі вайсковы Ордэн святога Яна Ерусалімскага (гаспітальеры) ваяваў на моры і на зямлі, утрымліваючы астравы Кіпр і Родас, аднак быў вымушаны адступіць адтуль, як раней са Святой Зямлі. У 1530 годзе рыцары заволодалі востравам Мальта, ад якога і атрымалі сваю больш вядомую назву – Мальтыйскі ордэн.

Выспа мела важнае значэнне для абароны Еўропы – гэта была вельмі добрая вайскова-марская база ў стратэгічна важным месцы. Рыцары адсюль маглі ўдала змагацца з паўночнаафрыканскімі піратамі, а таксама абараняць паўднёвую Італію ад магчымай высадкі туркаў.

Заканчэнне аблогі Мальты. Мастак Шарль-Філіп Лярывіер (Charles-Philippe Auguste Larivière). Крыніца: wikipedia.org

Самае моцнае выпрабаванне крыжаносцаў чакала ў 1565 годзе, калі супраць 500 рыцараў, 2000 жаўнераў і некалькіх тысячаў мясцовых хрысціянаў на востраве высадзілася магутнае турэцкае войска колькасцю да 48 тыс. чалавек. Аблога пачалася 18 траўня і была вельмі цяжкай – у туркаў было шмат артылерыі, элітныя пяхотныя атрады (янычараў), яны ўвесь час атакавалі хрысціянскія пазіцыі.

Жорсткасць праяўлялі абодва бакі. Пасля ўзяцця аднаго з фартоў туркі адсеклі галовы абаронцам, прыбілі целы да крыжоў і пусцілі ўніз па плыні, каб гэта бачылі хрысціяне. У адказ магістр Ордэну Жан дэ ля Валет (Jean Parisot de la Valette) загадаў адсячы галовы ўсім палонным туркам і стрэліць галовамі з гарматаў у турэцкі лагер.

Заканчэнне аблогі Мальты. Мастак Шарль-Філіп Лярывіер (Charles-Philippe Auguste Larivière). Крыніца: wikipedia.org

Баі працягваліся аж да верасня – і цяжкія страты падарвалі баявы дух туркаў. Абаронцы Мальты трымаліся да апошняга нават тады, калі турэцкая артылерыя пераўтварала муры ў горы аскепкаў. Яшчэ ў чэрвені загінуў самы таленавіты турэцкі камандарм – Драгут, або Тургут-рэіс (Turgut Reis). І хоць спачатку новы турэцкі камандарм Мустафа Паша (Kızılahmedli Mustafa Paşa) думаў зазімаваць, падзенне маральнага духу было вельмі моцным.

7 верасня на востраве пачало высаджвацца падмацаванне з Еўропы – пераважна іспанцы ды італьянцы. І на наступны дзень туркі сталі рыхтавацца адплываць дамоў. 13 верасня хрысціяне практычна цалкам знішчылі пазасталыя часткі турэцкага войска.

Агулам загінулі больш за 50 % захопнікаў. Сярод абаронцаў і насельніцтва Мальты загінуў кожны трэці.

У гэтыя дні ва ўсіх касцёлах Еўропы званы білі ў гонар паспяховай абароны хрысціянскай цвердзі.

Каўказскі Марыупаль

У 1994 годзе расейскае палітычнае кіраўніцтва вырашыла «навесці парадак» у адзінай непакорнай рэспубліцы – Чачэнскай, якая на чале з прэзідэнтам Джахарам Дудаевым хацела стаць незалежнай.

Стаўка на «гібрыдную аперацыю» і на калабарантаў сярод чачэнцаў правалілася. Танкі, якімі кіравалі нанятыя з расейскіх вайсковых частак танкісты, згарэлі, а тыя танкісты, што выжылі, давалі паказанні на камеру. Таму зімою было вырашана адкрыта кінуць у Чачэнію вялікія сілы рэгулярных войскаў РФ.

Чачэнскі апалчэнец каля згарэлай расейскай БМП-2 у Грозным. Крыніца: Mikhail Evstafiev / wikipedia.org

У снежні міністр абароны РФ Павал Грачоў хваліўся, што захопіць сталіцу Чачэніі «адным дэсантным палком». Вайна пачалася з артылерыйскіх абстрэлаў і авіяўдараў, а роўна 31 снежня на горад з чатырох бакоў сталі наступаць калоны расейскай бранятэхнікі. І на вуліцах яны сустрэліся з жорсткім супрацівам людзей, якія ведалі свой горад і разумелі, за што змагаюцца.

Чачэнцы мелі мала артылерыі і тэхнікі, аднак вельмі добра выкарыстоўвалі лёгкую пяхотную зброю – стралковую і гранатамёты. Навагодні наступ на Грозны стаў катастрофай для расейскіх войскаў – загінулі і атрымалі раненні тысячы жаўнераў і афіцэраў, запалалі дзясяткі танкаў і бронемашынаў.

Пачаліся жорсткія гарадскія баі, шмат тысячаў жаўнераў з абодвух бакоў і мірных жыхароў загінулі. Як і пазней ва Украіне, у Чачэніі расейцы казалі, што гэта не расейская авіяцыя бомбіць жылыя кварталы, а самі чачэнцы падрываюць свае дамы. Акрамя авіяцыі горад расстрэльвала расейская артылерыя – і амаль цалкам знішчыла яго.

Расейскі жаўнер каля масавага пахавання чачэнскага мірнага насельніцтва, 1995 год.
Фота: Alexander Nemenov / AFP

Аточаны горад змагаўся са снежня 1994 да сакавіка 1995 года і стаў (да падзеяў ва Украіне) месцам самага жорсткага бамбардавання мірнага насельніцтва ў Еўропе. Значная частка абаронцаў змаглі пазней вырвацца з атачэння і пачаць партызанскую вайну ў тыле расейскіх войскаў. Хоць Джахар Дудаеў загінуў, у 1996 годзе чачэнцы змаглі змоў увайсці ў горад і атакаваць у ім пазіцыі расейскіх войскаў.

Смелы наступ партызанаў на шматкроць мацнейшыя войскі акупантаў так шакаваў Маскву, што тая пайшла на падпісанне мірных пагадненняў.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў