«Цішыня мусіць быць у краіне». Рубінаў баіцца Плошчы-2015


Спікер Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў прапанаваў да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў выбарчай кампаніі заканадаўча ўвесці «дні цішыні».

Такую ідэю ён абнародаваў 2 красавіка падчас выступу перад парламентарыямі старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай.

«Перад выбарамі абвяшчаецца «дзень цішыні». Гэта норма. Але пасля выбараў, яшчэ не падлічаныя вынікі, яшчэ ніхто нічога не абвесціў, і ўжо пачынаецца буза. Можа быць, нам неяк заканадаўча замацаваць. <…> Можа, і тут трэба ўвесці «дні цішыні», прынамсі, адсутнасць усялякага роду публічных выступаў да абвяшчэння вынікаў выбараў», – выказаўся Рубінаў.

Пры гэтым ён нагадвае, што «людзі могуць выказваць незадавальненне тым, якія вынікі атрымаліся». «Але вынікаў яшчэ няма, яны не абвешчаныя. Значыць, усялякія выступы маюць мэту проста сарваць гэтыя выбары», – канстатаваў спікер СР.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына не падтрымала прапановы Анатоля Рубінава. «Усе выступы пасля выбараў абсалютна незаконныя, – заявіла яна. – Калі мы нават назавем «днём цішыні», яны ўсё роўна як незаконныя будуць праводзіцца. На іх ніхто дазволу не атрымлівае. Усё, што да выбараў у тых месцах, якія дазволены, – у паведамляльным парадку. Выбары прайшлі – усё дзее ў дазвольным парадку. Гэта значыць, што арганізатары мусяць звярнуцца і атрымаць адпаведны дазвол ад выканкаму. Яны гэтага не робяць. Гэта значыць, свядома парушаюць закон».

Аднак Рубінаў рэзюмаваў: «Падумаць на гэтую тэму карысна».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў