Пасяўная на другім плане


Хто сустрэне замежных турыстаў падчас чэмпіянату свету па хакеі? Чыноўнікі знайшлі таннае вырашэнне гэтай задачы. Студэнты-валанцёры і сустрэнуць, і заселяць, і нават будуць суправаджаць у сталіцы замежных гасцей. Аднак надалей не вырашаныя застаюцца іншыя пытанні. Хто выйграе, а хто прайграе ад правядзення буйной спартовай імпрэзы?

Сёлета не гарачая пасяўная, а халодны лёд. Уся краіна рыхтуецца да чэмпіянату свету па хакеі. У першую чаргу – Менск. У сталіцы распачынае працу шэраг новых гатэляў. Праўда, адкрыццё пакуль толькі тэхнічнае – то бок, папярэдняе. Гасцей тут будуць гатовыя прыняць бліжэй да спаборніцтваў, што пачнуцца 25 траўня.

{movie}Пасяўная на другім плане|right|15668{/movie}

ЛІЛІЯ КОБЗІК, РЭДАКТАРКА «ТУРИЗМ И ОТДЫХ»:
“Такую краіну цяжка знайсці на ўсіх кантынентах, якая была б сярод апошніх, што ўступаюць у сучасную, найвелізарнейшую сферу, інфраструктуру турызму”.

І хоць новыя гатэлі ў Менску адкрываюцца, кошты на кватэры на суткі надалей імкліва растуць. Каб гатэлі былі для іх сур’ёзнаю канкурэнцыяй, неабходная не толькі іх колькасць, але і якасць сэрвісу, кажуць адмыслоўцы.

ЛІЛІЯ КОБЗІК, РЭДАКТАРКА «ТУРИЗМ И ОТДЫХ»:
“Шмат каго – тых жа пакаёвак, працаўнікоў кухні, іншы персанал абслугоўвання – гатэлі гатовыя браць з вуліцы, проста літаральна з вуліцы маладых людзей, якія хоць неяк валодаюць замежнаю моваю”.

Праўда, найперш замежныя турысты па прыездзе ў нашую краіну пазнаёмяцца не з сэрвісам гатэляў, але з сэрвісам і абслугоўваннем беларускай чыгункі. І тут для замежнікаў намагаюцца стварыць спрыяльныя ўмовы.

АНДРЭЙ КАШКО, БЕЛАРУСКАЯ ЧЫГУНКА:
“Інфармацыйнае табло нашае, няхай яно нейкім чынам будзе мадэрнізаванае, будзе апавяшчаць на замежных мовах. Тут жа будзе размешчаная спецыялізаваная каса, якая будзе абслугоўваць выключна замежных турыстаў”.

Не застаюцца ўбаку ад рыхтавання да імпрэзы кавярні ды рэстарацыі.

ВАСІЛЬ, КАВЯРНЯ «ТУТЭЙШЫЯ»:
“Будзе меню на англійскай мове. Персанал таксама будзе валодаць замежнаю моваю”.

АЛЯКСАНДР, ПАБ «СТАРАМЕСНЫ ПІВАВАР»:
“Адмыслова да чэмпіянату будзе надрукавана меню па-англійску. Таксама будзем прапаноўваць адмысловыя беларускія стравы, каб у наведнікаў засталося добрае ўражанне ад нашае сталіцы”.

АНАСТАСІЯ, ПАБ «СТАРАМЕСНЫ ПІВАВАР»:
“Будуць у нас і значкі, і банеры, і нейкія дробныя сувеніры, кшталту запальнічак, запалак, каляндарыкаў”.

Зрэшты, і дзяржаўныя ўстановы маюць намер зарабіць на сувенірах. Праўда, у крамах не засяроджваюцца на тым, як будуць рэкамендаваць свае тавары замежнікам.

КНІГАРНЯ:
“Мы аніякіх курсаў моўных не праходзілі”.

Затое вывучаць замежную мову абавязалі працаўнікоў міліцыі ды таксоўцаў. Задзеялі чыноўнікі і навучэнцаў лінгвістычных факультэтаў ўніверсітэтаў. Сотні студэнтаў-валанцёраў падчас чэмпіянату будуць не на занятках, а на спартовых імпрэзах, або суправаджаць замежных гасцей. І яны не супраць такой прыгоды.

АНЯ ВАКУЛЬЧЫК, СТУДЭНТКА:
“Я лічу, што сама па сабе ўзнагарода – трапіць на такія спаборніцтвы, пазнаёміцца з новымі людзьмі, камандамі. Акрамя гэтага нам яшчэ і заплацяць нешта, хоць не лічу гэта істотным. Шчасце туды хаця б трапіць”.

Праўда, не для ўсіх студэнтаў чэмпіянат стане радасным святам. Датычыць гэта галоўным чынам тых, хто жыве ў студэнцкай вёсцы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту – чыноўнікі плануюць тут стварэнне фан-вёскі, таму іншагароднія студэнты мусяць у бліжэйшыя дні пакінуць сваё жытло і знайсці сабе іншае. Без аніякага кампенсавання.

СТУДЭНТЫ:
“Вось 2 красавіка мы мусім выселіцца. Прычым нам не даюць нейкага інтэрнату, мусім самастойна шукаць кватэру”.
“Увогуле патрабуюць, каб мы як мага хутчэй выселіліся. Гоняць адтуль нас. Ледзь знайшлі кватэру”.
“Падчас чэмпіянату прыйдзецца здымаць кватэры”.

Адміністрацыя, высяляючы студэнтаў, нагадала маладым людзям, што чэмпіянат – знакавая падзея, якой з нецярплівасцю чакаюць усе грамадзяне Беларусі. А калі чакаюць – то і некаторыя нязручнасці перацерпяць!

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў