Расея і Беларусь - 18 гадоў яднання. Куды правадыры вядуць свае народы?


Беларусь і Расея сёння адзначаюць дзень яднання народаў. Васямнаццаць гадоў таму Лукашэнка і Ельцын запланавалі інтэгравацца ў межах саюзнай дзяржавы так глыбока, наколькі гэта магчыма. Але ў 2000-я праект запаволіўся. З прыходам жа да ўлады новага расейскага лідара пачалося будаўніцтва і новага – Еўразійскага саюзу. Куды ж цяпер правадыры вядуць свае народы?

Калі напрыканцы 1990-х гадоў стала зразумела, што кіраўнік Беларусі не зробіцца саюзным лідарам, запал афіцыйнага Менску да яднання народаў і дзяржаваў раптоўна спыніўся. На сімвалічным узроўні. Такім жа, як сённяшняе свята. Нібыта на вуліцах і лунаюць сцягі дзвюх краінаў, а ў сталічным Тэатры оперы і балету пройдзе ўрачысты канцэрт – а святочнай атмасферы не адчуваецца. Можа, варта адзначаць гучней?

{movie}Свята бясконцай інтэграцыі |right|15667{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Трэба, бо гэта – нашыя браты”.

“Мы ўсе ў штодзённых турботах і забываемся пра святы, якія трэба памятаць. Бо Расея і Беларусь – гэта браты і сёстры. Усё ж такі мы ўсе размаўляем на расейскай мове”.

“Славянскае свята, калі ўжо на тое пайшло, такі грамадскі, сацыяльны і… і не трэба было раз’ядноўвацца”.



На ўзроўнях кіраўнікоў краінаў часткі саюзнай дзяржавы проста абмяняліся сімвалічнымі віншаваннямі з гадавінаю. Але што больш сімвалічна, Аляксандра Лукашэнку ў дзень яднання з Расеяй больш зацікавілі перспектывы вайсковай супрацы з Украінаю.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“Украіну сёння фактычна развалілі, а там усё ж такі “абаронка” прыстойная – у тым ліку і ваш інтарэс. Давайце ўсё ж паспрабуем з украінцамі дамовіцца і разам папрацаваць, каб не зніклі мазгавыя, інтэлектуальныя, канструктарскія цэнтры ва Украіне”.

Бо пакуль Беларусь у вайсковай сферы актыўна супрацоўнічае з Расеяй. Настолькі, што ў выпадку вонкавай пагрозы агульнаю групоўкаю войскаў будуць кіраваць з Масквы. Падобным чынам выглядаюць і іншыя сферы беларуска-расейскай інтэграцыі, нягледзячы на спробы афіцыйнага Менску прыпыніць яе тэмпы.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

“Колькі б аналітыкі ды аглядальнікі ні сцябаліся, што вось, маўляў, ідзе як мокрае гарыць, тая братняя інтэграцыя, усё ж такі – паступова, малымі крокамі, але Расея ціхай сапаю аблытвае нейкімі дамовамі, перадусім эканамічнымі, Беларусь так, што і не тузанешся ў нейкі крытычны момант”.



Самы красамоўны прыклад – Украіна. Калі “тузануўся” Кіеў, Крэмль паказаў, што свае інтарэсы гатовая бараніць і са зброяй у руках, і на чужой тэрыторыі. Наўрад ці такая сітуацыя даспадобы афіцыйнаму Менску, што ў дадатак да ўжо існых вайсковых базаў прымае ў сябе чарговыя расейскія знішчальнікі.

ЮРЫЙ ЧАВУСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“У гэтым сэнсе Беларусь проста працягвае сваю лінію, але відавочна, што для кіраўніцтва краіны – гэта пэўныя іміджавыя страты. Бо гэта відавочныя страты кантролю над вайсковым складнікам”.



Падобным чынам выглядала сітуацыя ў Крыме, дзе расейскія вайсковыя аб’екты былі на тых жа правах, што і ў нашай краіне. Паводле адмыслоўцаў, не менш трывожная была і рэакцыя шмат якіх беларусаў на анексію паўвостраву.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

“Вельмі шмат хто ў беларускім грамадстве гатовы скакаць ад радасці, што “Крым наш”. То бок, гэта стварае глебу для інкарпарацыі Беларусі ў пэўны момант”.

Але тады адзначаць давядзецца ўжо не дзень яднання, а дзень далучэння. І вядома, што не Расеі да Беларусі.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў