Беларусы раптам забаяліся Украіны


Шоп-туры ў Чарнігаў – своеасаблівая традыцыя для жыхароў Гомельшчыны. Якасць тавараў не горшая, затое кошты на парадак ніжэйшыя за беларускія. Цяпер жа нашых землякоў у Чарнігаве не сустрэць, як кажуць, і днём з агнём. Чаго ж баяцца беларусы? І ці апраўданы гэты страх?

{movie}Прапаганда страху (01.04.2014) |right|15648{/movie}

Беларусы раптам забаяліся Украіны. Страх і трывогу пасеялі нават не столькі рэвалюцыйныя падзеі, якія нядаўна адбыліся ў нашых суседзяў, колькі расейскія, а за імі – і беларускія медыі.

Пра рабаўніцтва на дарогах, адсутнасць парадку і міліцыі ды разгул крыміналу ва Украіне беларусам распавядаюць літаральна з ранку і да ночы. Несумненна, гэткая настойлівая прапаганда мае свае вынікі.

ЖЫХАРЫ ГОМЛЯ: “Бандыты бегаюць, рабуюць. Пакуль небяспечна”.
“Яны на ўсё здольныя. На ўсё здольныя. Колькі людзей у пошуку ўжо?”.
“З бутэлькамі, з палкамі, са зброяю забіваюць, страляюць. Мы маем глядзець на гэта ўсё?”.

Таму некалі папулярны ў гомельцаў цягнік да Чарнігава сёння амаль пусты. Не відаць беларусаў на вакзале і на рынках, што, несумненна, засмучае тутэйшых гандляроў.

ЧАРНІГАЎСКІЯ ГАНДЛЯРЫ: “Мы іх чакаем, мы іхныя сябры, мы гэтак прызвычаеныя. Калісьці ездзілі ў Гомель, там смятана была смачнейшая, а яны да нас па сала”. “Яны замаўлялі ў нас тавары, мы прывозілі. Стасункі з імі былі добрыя, сяброўскія, мірныя”.

І цяпер у Чарнігаве нічога не змянілася: грамадскі транспарт працуе звычайна, на вуліцах усміхаюцца мінакі, а самае галоўнае – ніякіх міфічных бандэраўцаў.

ЖЫХАРЫ ЧАРНІГАВА: “Гэта няпраўда, што тут у нас правакацыі. Мы танцуем і спяваем украінскія песні”.
“Прыязджайце ў Чарнігаў! Няма тут ніякіх ні фашыстаў, ні бандэраўцаў! Тут нармальныя людзі, міліцыя, усё пад кантролем”.
“Ідзе дэзінфармацыя, што ў нас забіваюць, што Самаабарона ўсіх тэрарызуе. Ну няма такога!”.

Мясцовая чарнігаўская Самаабарона налічвае сто чалавек і патрулюе горад разам з міліцыяй. Усе – тутэйшыя жыхары, працуюць абсалютна бясплатна. На пытанне пра закалоты адказваюць каротка: “Паглядзіце самыя!”.

УЛАДЗІМІР ФЕДАРУК, КІРАЎНІК ЧАРНІГАЎСКАЕ САМААБАРОНЫ: “Нядаўна было, дзён 10 таму, казалі, што адабралі дарагое аўта ў беларусаў. Але не было ні заявы, ні пацярпелых. Дзе яна падзелася, тая машына? Гэта ўсё плёткі і хлусня. Можна сказаць, што я прэзідэнт Злучаных Штатаў, але ж яно не так”.

Сочаць за парадкам у вобласці і на дзясятках блокпостаў.

АЛЯКСАНДР ЯСЕНЧУК, ПРАДСТАЎНІК ЧАРНІГАЎСКАЕ САМААБАРОНЫ: “Для тых, хто баіцца ехаць ва Украіну, мы пакідаем вашым журналістам тэлефоны нашай Самаабароны ды можам суправаджаць вашыя аўты ад дзяржаўнае мяжы да Чарнігава”.

Дзе жыхары больш за ўсё баяцца зусім не прадстаўнікоў Самаабароны, як сцвярджае крамлёўская прапаганда, але пагрозы вайны: недалёка ад мяжы, хоць і ў меншай колькасці, чымся раней, але ўсцяж стаяць расейскія войскі.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў