Беларусь застаецца без нафтавага перніка


Беларусь не зможа атрымаць мільярды долараў за мыта на нафтапрадукты з расейскай нафты. Як заявіў сёння першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў, Беларусь, Казахстан і Расея занадта далёкія ад свабоды гандлю шэрагам тавараў, у тым ліку нафтаю. Таму падпісанне Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, запланаванае на травень, абыдзецца без свабоднага гандлю.

Аб тым, што Беларусь будзе працягваць плаціць Расеі за нафтапрадукты з расейскай нафты, віцэ-прэм’ер Шувалаў распавёў сёння перад сенатарамі Савету Федэрацыі. Паводле Шувалава, бакі – Беларусь, Казахстан і Расея – занадта далёкія ад паразумення на тэму мытаў. Таму ў Дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе пытанне адмены мытаў, паводле Шувалава, не ўвойдзе. А так усё добра – інтэграцыя ідзе, ЕАЭС пачне дзейнічаць адразу пасля Новага года.

{movie}Без нафтавага перніка|right|15551{/movie}

ІГАР ШУВАЛАЎ, ПЕРШЫ ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР РАСЕІ:
“Нарэшце Еўразійская эканамічная прастора таксама пераходзіць да фармавання свайго саюзу, які не мае ніякай мэты палітычнага рэгулявання, палітычных складнікаў, гэта выключна эканамічны саюз”.

Пытанне мытаў на нафтапрадукты для Беларусі вельмі важнае. Толькі летась нашая краіна пералічыла ў расейскі бюджэт больш за 3 мільярды долараў. Менск ужо лічыў пытанне аб адмене мытаў вырашаным. Бо Пуцін абяцаў – яшчэ ў кастрычніку.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
“Будуць знятыя ўсе пазасталыя бар’еры на шляху вольнага абмену таварамі, паслугамі, капіталам, тэхналогіямі ды працоўнаю сілаю”.

Аднак Лукашэнка не падтрымаў Масквы ў анексіі Крыму, прызнаўшы толькі паўвыспу дэ факта расейскаю тэрыторыяй.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“Ён думаў, так бы мовіць, развесці Расею на бабкі ў звязку з еўразійскай інтэграцыяй, але тут пайшла такая сеча з Захадам, і яму проста паказалі на ягоны васальны статус. Цяпер і вялікіх дывідэндаў не будзе, і няма куды падзецца, усё адно трэба прыслугоўваць Расеі”.

Таму Лукашэнка прадставіў беларускія аэрадромы для расейскай баявой авіяцыі – якраз перад магчымым уварваннем Расеі ў кантынентальную Украіну. І ніхто не можа даць гарантыі, што праз год, напрыклад, Беларусь не далучаць да Расеі па прыкладзе Крыму.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў