Беларускі шпіён некалькі гадоў вадзіў за нос польскую вайсковую выведку


Польская прэса раскрывае падрабязнасці шпіёнскага скандалу. Беларус Аляксандр Б. выцягнуў з польскай вайсковай выведкі $ 300 тыс. за «важную інфармацыю». Яму пагражае да 10 гадоў зняволення. Гэта не адзіны польска-беларускі шпіёнскі скандал.

Падвойная гульня

Справа датычыць 41-гадовага Аляксандра Б. які ўжо больш за два гады застаецца пад следствам і якога трымаюць у ізалятары. На гэтым тыдні стала вядома, што матэрыялы справы ўжо перададзеныя ў суд. Паводле польскіх законаў Аляксандру Б пагражае да 10 гадоў зняволення.

Згодна з неафіцыйнаю інфармацыяй, ён некалькі гадоў супрацоўнічаў з Вайсковаю інфармацыйнаю службаю Польшчы. Польскія вайскоўцы лічылі яго сваёй крыніцаю ў беларускіх спецслужбах і за інфармацыю заплацілі яму больш за $ 300 тыс.

Пасля таго, як Вайсковая інфармацыйная служба ў Польшчы была ліквідаваная, польскія спецслужбоўцы прааналізавалі звесткі ад беларускай «крыніцы» і прыйшлі да высновы, што Аляксандр Б. вёў «падвойную гульню»на загад з Менску.

«Дэзынфарматар. Яму давяралі, даручалі здабыванне канкрэтнай інфармацыі, праз што беларусы дакладна ведалі, што найбольш цікавіла польскія спецслужбы», – тлумачыць адна з асобаў, знаёмая з матэрыяламі справы.

Шпіён з амбасады

Гэта не першы выпадак, калі грамадзянаў Беларусі вінавацяць у шпіянажы на тэрыторыі Польшчы. Гэтак, прычынаю выдалення з Варшавы беларускага вайсковага аташэ Дзмітрыя Жукава і ягонай жонкі Наталлі стала тое, што беларускі дыпламат фатаграфаваў Цэнтр падрыхтоўкі спалучаных сілаў НАТО ў Быдгашчы.

«Канцэнтраваўся на пошуку кантактаў у асяроддзі былых вайскоўцаў, вайскоўцаў у адстаўцы, а таксама моладзі з харцэрскіх арганізацыяў і асяродкаў гістарычнай рэканструкцыі. Часта бываў на імпрэзах падобнага характару», – гаворыць Ярослаў Якімчык, эксперт у галіне спецслужбаў.

Перад рашэннем аб выдаленні Жукава былі яшчэ два інцыдэнты, звязаныя з беларускімі шпіёнамі, якія на гэты раз дзеялі без дыпламатычнага імунітэту.

Шпіён, што вучыўся ў Польшчы

Контрвыведка польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі некалькі месяцаў таму затрымала беларуса, які таксама фатаграфаваў вайсковыя аб’екты. Ён ужо быў «у распрацоўванні», і супраць яго збіралі доказы. Іх ужо ацаніў суд і пастанавіў утрымліваць яго пад часовым арыштам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманы працаваў на вайсковую выведку Беларусі, часта бываў у Польшчы, і яшчэ нядаўна вучыўся ў суседняй краіне, нават атрымаў стыпендыю на навучанне.

КР / МЛ, паводле матэрыялаў PAP

Глядзі таксама
Каментары