Забітыя і параненыя ў выніку страляніны ў Харкаве


У выніку канфлікту ў Харкаве 2 асобы забітыя і 5 – параненыя.
У пятніцу ўвечары прарасейскія актывісты абстралялі офіс, у якім забарыкадаваліся сябры аб’яднання «Правы сектар». Паводле мэра Харкава Генадзя Кернэса, забітыя – міліцыянты. У гарадской управе МУС цвердзяць, што смяротныя ахвяры былі сярод цывільных.
А 21:30 паводле мясцовага часу на плошчы Свабоды адбыўся канфлікт паміж групаю людзей з георгіеўскімі стужкамі ды невядомымі. Пасля канфлікту, паводле неафіцыйнай інфармацыі, людзі са стужкамі вырашылі, што на іх напалі сябры «Правага сектару», і накіраваліся на вул. Рымарскую. Там, у будынку, дзе месцяцца сядзібы некалькіх арганізацыяў, сярод якіх – «Просвіта» і «Патріот України», забарыкадаваліся сябры «Правага сектару».
{movie}Страляніна на вул. Рымарскай у Харкаве. Відэа 1|right|15346{/movie}
Ідэолаг арганізацыі «Патріот України» Алег Аднарожанка паведаміў, што на офіс нападаюць сябры арганізацыі «Оплот», расейскія грамадзяне і прарасейскія актывісты. Прадстаўнік «Правага сектару» і арганізацыі «Патріот України» Андрэй Білецкі, у сваю чаргу, паведаміў, што людзі, якія штурмавалі будынак, выкарыстоўвалі агнястрэльную зброю.
Паводле журналіста Леаніда Мачуліна, які стаў сведкам здарэння, міліцыя і пажарныя дэманстравалі бяздзейнасць. «Усё, што адбываецца, падобнае да сцэнару», – сказаў ён.
Губернатар Харкаўшчыны Ігар Балута таксама лічыць інцыдэнт добра спланаванаю правакацыяй. Паводле яго, да мітынгоўцаў на плошчы Свабоды пад’ехаў мікрааўтобус «Wolksvagen Transporter» з днепрапятроўскімі нумарамі. Аўта было ў вышуку, бо менавіта на ім, паводле відавочцаў, прыязджалі невядомыя ў масках, якія напалі на ўдзельнікаў прарасейскага мітынгу 8 сакавіка. Распачатая крымінальная справа.
{movie}Страляніна на вул. Рымарскай у Харкаве. Відэа 2|right|15347{/movie}
АК, belsat.eu, паводле pravda.com.ua
Стужка навінаў