Лукашэнка: У Менску Майдану не будзе, тут няма для Майдану месца


У Беларусі няма фундаментальных прычынаў для рэвалюцыйных падзеяў, накшталт тых, што адбываюцца цяпер ва Украіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас паседжання Савету бяспекі, на якім абмяркоўвалі першы этап правярання баявой гатовасці беларускага войска.

«Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы сказаць, тут прысутнічаюць медыі, у тым ліку і не беларускія, наконт нейкіх закідаў, якімі нас спрабуюць крышку запалохаць: што, вось, Лукашэнка, можа, баіцца Майдану, апошнім часам, калі і кажа, то пра тое, якія ўрокі трэба браць з украінскіх падзеяў», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Я і не хаваю. І дурным быў бы той кіраўнік, які не спрабуе браць урокаў з некаторых падзеяў. Але каторы раз хачу сказаць: у Менску Майдану не будзе, тут няма для Майдану месца. Вось і ўвесь наш страх. Мы нічога не баімся, абсалютна. Тым больш я», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Карані падзеяў ва Украіне беларускі лідар бачыць у развале эканомікі і карупцыі: «Мы гэтага не дапусцілі. І гэта найвялікшая нашая заслуга».



МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў