Паводле Валянціна Акудовіча, на сённяшні дзень усе выкладчыкі працуюць на валанцёрскіх пачатках, а ў такім рэжыме навучальнай установе цяжка пратрымацца. Апроч гэтага, ёсць праблемы з памяшканнем.
Такім чынам, установа з найлепшымі інтэлектуальнымі кадрамі Беларусі, традыцыямі ды досведам можа знікнуць. Пры гэтым відавочна, што Калегіум не рэалізоўвае свайго патэнцыялу. Шмат хто з беларускіх палітыкаў і публічных дзеячаў да нядаўняга часу звязваў мару аб беларускамоўным універсітэце з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні, у той час як пад бокам працаваў цалкам беларускамоўны Калегіум.
Незвычайны адукацыйны праект
Беларускі калегіум ніколі не прэтэндаваў на тое, каб называцца вышэйшаю навучальнай установаю. Праект паўстаў у 1997 г. і быў арыентаваны на выкладанне найноўшых тэндэнцыяў у навуцы ды не дублюе існых праграмаў дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.
Як і напрыканцы дзевяностых, сёння ў Калегіуме тры праграмы: філасофія і літаратура, журналістыка, гісторыя. Заняткі адбываюцца па вечарох адзін ці два разы на тыдзень. Адвучыўшыся 2 гады, студэнты атрымоўваюць сертыфікат. Ён не замяняе дыплому аб вышэйшай адукацыі ды таму мае хутчэй сімвалічнае значэнне.
Росквіт і найбольшая папулярнасць Калегіуму прыпалі на канец 90-х – пачатак 2000-х. Сёння ж згадкі пра Калегіум у медыя-прасторы можна знайсці толькі раз на год – у верасні, калі Калегіум абвяшчае чарговы набор. Дызайн сайту не мяняўся 10 гадоў.
Школа беларускай інтэлектуальнай эліты
Нягледзячы на тое, што Калегіум не мае статусу ўніверсітэту, ні адна з беларускіх навучальных установаў не можа пахваліцца такім складам выпускнікоў. Можна смела сказаць, што праз Калегіум прайшло цэлае пакаленне маладой беларускай інтэлектуальнай эліты.
Аддзяленне філасофіі і літаратуры скончылі журналіст Глеб Лабадзенка, паэтка і перакладчыца Марыйка Мартысевіч, рэдактарка часопісу перакладной літаратуры Юля Цімафеева, пісьменніца Аксана Спрынчан, лаўрэаты прэміі «Дэбют» Наталка Харытанюк, Уладзь Лянкевіч і Андрэй Адамовіч. Аддзяленне журналістыкі наведвалі Сяргей Будкін, Дар’я Сітнік, Аксана Яноўская. На аддзяленні гісторыі вучыліся палітолагі Андрэй Казакевіч і Аляксей Ластоўскі.
«Менавіта пад кіраўніцтвам і ўплывам выкладчыкаў Калегіуму я напісала сваю першую крытыку ды эсэістыку. Лекцыі чыталі выкладчыкі іншых школаў і дысцыплінаў, чым у маім універсітэце (філалагічны факультэт БДУ). Запрашаючы выкладчыкаў, кіраўнікі Калегіуму аддавалі прыярытэт змястоўным тэмам і канцэпцыям, а не таму, што «паложана» вывучаць паводле нейкай спушчанай зверху праграмы», – кажа Марыйка Мартысевіч.
З літаратаркаю пагаджаюцца і сённяшнія наведнікі Калегіуму. Паводле студэнта другога курсу філасофіі і літаратуры Мікіты, навучальная ўстанова мае вельмі зручны фармат. Заняткі адкрываюць цэлыя пласты ведаў, пры гэтым няма ніякай «абязалаўкі». «Калегіум – гэта жыццёвыя аддушына. Пасля ўсёй гэтай будзённасці мы разважаем тут пра розныя экзістэнцыйныя пытанні. А ходзяць сюды тыя, каму гэта сапраўды цікава», – дапаўняе калегу Алесь Куляшоў.
Ці ёсць будучыня ў Калегіуму?
У сённяшніх умовах весці гаворку пра Беларускі ЕГУ ўжо бессэнсоўна, і таму, мажліва, грамадскасці варта пераключыць сваю ўвагу на такія праекты, як Беларускі калегіум, які патэнцыйна можа прынесці беларускай справе яшчэ шмат карысці.
Вадзім Быліна, belsat.eu