Януковіч папрасіў расейскія ўлады пра абарону. У Расеі згодныя?


Віктар Януковіч просіць улады Расейскай Федэрацыі абараніць яго ад дзеянняў экстрэмістаў, якія захапілі ўладу ва Украіне, гаворыцца ў ягоным звароце да ўкраінскага народу.



«На вуліцах шмат якіх гарадоў нашай краіны разгул экстрэмізму. На мой адрас, на адрас маіх паплечнікаў гучаць пагрозы фізічнай расправы. Вымушаны прасіць улады РФ гарантаваць мне асабістую бяспеку ад дзеянняў экстрэмістаў», – гаворыцца ў звароце Януковіча да народу, які паступіў у РІА «Новости».

Як паведаміла крыніца агенцтва ва ўладных структурах, просьба Януковіча была задаволеная на тэрыторыі Расеі.

Януковіч таксама зноў заявіў, што па-ранейшаму лічыць сябе законным прэзідэнтам Украіны. Ён сказаў, што не загадваў арміі Украіны ўмешвацца ў падзеі, якія адбываюцца ў краіне.

«У выпадку, калі хтосьці стане аддаваць такія загады ўзброеным сілам і сілавым структурам, такія загады будуць незаконныя, злачынныя», – гаворыцца ў звароце Януковіча.

Раней шэраг медыяў пісаў, што Януковіч можа быць у Расеі. Агенцтва РБК са спасылкаю на свае крыніцы паведаміла, што Януковіча бачылі ў маскоўскім гатэлі «Украіна», а затым у Барвісе, дзе размешчаны санаторый Кіравання справамі прэзідэнта Расеі. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў казаў, што яны не маюць інфармацыі пра тое, дзе цяпер Януковіч. Генпракуратура Украіны абвесціла яго ў міжнародны вышук. Месцазнаходжанне Януковіча да гэтага часу невядомае.

22 лютага Вярхоўная Рада адхіліла Януковіча ад улады і ўсклала выкананне абавязкаў прэзідэнта на спікера Аляксандра Турчынава і прызначыла прэзідэнцкія выбары на 25 траўня. Януковіч заявіў, што застаецца законна абраным кіраўніком дзяржавы, а ў краіне ёсць усе прыкметы дзяржаўнага перавароту. Масква лічыць, што легітымнасць рашэнняў Вярхоўнай Рады выклікае сумневы.

МЯ, belsat.eu, паводле ria.ru

Стужка навінаў