Саюзныя гульні


Крэмль не хавае незадаволенасці падзеямі ва Украіне. Тым не менш падзеі ў Кіеве паўплываюць нават на стасункі Менску з Масквою. Эксперты мяркуюць, што Аляксандр Лукашэнка паспрабуе скарыстацца сыходам Віктара Януковіча з палітычнай арэны, каб паправіць сітуацыю ў беларускай эканоміцы.

{movie}Саюзныя гульні|right|15017{/movie}

Проста праз мяжу грамадзяне перасталі маўчаць і трываць ды ўзялі ўладу ў свае рукі, паказаўшы прыклад для беларусаў. Лукашэнка адрэагаваў рыхтаваннем закону аб ваенным стане, які ў выпадку пагрозы ўладам дае беларускім снайперам больш паўнамоцтваў і менш адказнасці. Закон могуць прыняць бліжэй канца года. Аднак з украінцамі кіраўнік Беларусі канфліктаваць не збіраецца.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:
“Яшчэ тыдні 3-4 таму была інфармацыя, што ён спрабуе ўсталяваць кантакты з групоўкаю пераможцаў. То бок там нейкія зрухі ёсць. Натуральна, ён паспрабуе заручыцца падтрыманнем новага Кіева”.

У адрозненне ад кіраўніцтва Расеі, Лукашэнка намагаецца нават устрымлівацца ад зусім жорсткіх словаў на адрас Майдану.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“У іх свае пытанні, у нас – свае, і мы будзем на гэтым будаваць сваю палітыку. У іх свая дзяржава, а ў нас – свая. У нас адзіныя мэты адносна Украіны. Украіна мусіць быць цэльнаю. Ніхто не мусіць раздзярбаніць гэтай вялікай краіны, яна нам не чужая”.

Ініцыятыву падзелу Украіны, што актыўна агучвалі расейскія медыі, Менск ніколі не падтрымліваў. Невядома таксама, ці падтрымае Беларусь пагрозы Масквы адносна забароны на пастаўкі ў Мытны саюз украінскага мяса і малочнай прадукцыі. А вось прасіць дапамогі ў Пуціна Лукашэнка будзе найбліжэйшым часам, кажа Андрэй Суздальцаў. Тым больш, што шматмільярдны крэдыт, абяцаны Януковічу Крамлём, застаўся амаль незапатрабаваным.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:
“Цяпер Януковіча няма, і перамовы між Пуціным ды Лукашэнкам будуць у такім жа фармаце: памагайце, іначай заўтра ў мяне будзе Майдан”.

Пуцін асабліва не адмовіць, бо Расея не можа канфліктаваць на 2 франты, мяркуе Алесь Лагвінец.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ, МЕНСК:
“Калі Расея будзе ў канфлікце з Украінаю, а выглядае на тое, што Расея будзе прыкладаць намаганні, каб дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне, то, канечне, з Менскам адносіны будуць больш роўныя”.

Асабліва калі ў паслярэвалюцыйнай Украіне змены ў эканоміцы будуць відавочна да лепшага.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:
“Гэта будзе выклік для таго ж Мытнага саюзу і тады Расея будзе вымушаная рабіць яго больш прывабным, укладваючы ў гэта іншыя грошы і будуючы крыху іншыя прынцыпы хаўрусу”.

Але пад братэрскую дапамогу Пуцін захоча пэўных гарантыяў, кажуць эксперты.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ, МЕНСК:
“Нават абяцаныя Украіне $ 15 млрд – гэта былі не проста грошы, гэта была пазыка пад сярэдні працэнт, не самы нізкі і не самы высокі”.

А значыць, Расея працягне палітыку паглынання беларускіх прадпрыемстваў.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў