Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам. Новая кніга пра Горадню


Укладальнікі імкнуліся стварыць якасную, зразумелую кнігу аб гісторыі Горадні для зацікаўленых тэмаю чытачоў.

Кнігу «Гародня Х–ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам» прэзентавала ініцыятыва «Гарадзенская бібліятэка». Рэдактар кнігі – Алесь Смалянчук. Склад аўтараў адметны тым, што ўсе яны ўжо не працуюць у гарадзенскім універсітэце.

«Нашай ідэяй было, каб кніга была напісаная вядомымі гісторыкамі ды адначасова была даступная для чытача – каб лёгка ўспрымаўся, засвойваўся матэрыя, каб спаталялася жаданне даведацца гісторыю гораду», – распавёў Павал Мажэйка, каардынатар кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка».

Аўтары паспрабавалі адказаць на пытанне: чый горад, які заўсёды быў шматнацыянальным і шматканфесійным, па-за межамі нацыянальных спрэчак? Рэдактар кнігі Алесь Смалянчук адзначыў, што кніга не прэтэндуе на поўную аб’ектыўнасць, але мае сваю канцэпцыю: «Галоўнаю канцэпцыяй было паказаць героем гораду гараджаніна, які ствараў гэты горад, нават не ўсведамляючы гэтага. Мы імкнуліся не прыватызаваць горад, і не рабіць яго савецкім».

Дзякуючы тэкстам Вольгі Сабалеўскай, упершыню ў адной кнізе прасочваецца шырокая панарама жыцця і смерці гарадзенскага габрэйскага кварталу.

У тэкстах адлюстраваліся вынікі даследаванняў лакальнай гісторыі апошніх 20 гадоў. Кнігу стваралі цягам апошняга года тыя, хто працаваў у межах праекту «Гістарычны палімпсест», выдаваў «Гістарычны альманах», стварыў сайт harodnia.com, гарадзенскія музейнікі, калекцыянеры. Усяго 11 аўтараў з Горадні, Менску, Беластоку, Кракава – сярод іх Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч, Вячаслаў Швед, Віктар Саяпін, Алесь Радзюк, Вольга Сабалеўская, Юрый Гардзееў, Ян Ежы Мілеўскі, Пшэмыслаў Баравік, Алесь Ярашэвіч ды таямнічая постаць гарадзенскага навуковага жыцця Андрэй Павач.

Алесь Смалянчук распавёў, што пры апісанні пасляваенных часоў для аўтараў было важна паказаць штодзённае жыццё гараджанаў і засяродзіць увагу на такіх постацях, як Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, якія мелі ды адстойвалі сваю грамадзянскую пазіцыю нават ва ўмовах абсалютнай дыктатуры. Дагэтуль у школьных падручніках пра гэта не гаворыцца, а падкрэсліваецца значнасць дасягненняў савецкай улады.

Марына Юзэфовіч, belsat.eu

Стужка навінаў