Бармен Анатоль дзякуючы кліентам сабраў калекцыю грошай


Кубінскае ды аргенцінскае пэса, бразільскі крузэйра, в’етнамскі донг, харвацкі дынар, азербайджанскі манат… Адкуль у маладзечанскім бары, такім далёкім ад мора і ад турыстаў, бяруцца экзатычныя купюры?
Анатоль, бармен, паказвае ізраільскія 20 шэкеляў. «Вось тут, бачыце? Гістарычны момант, звязаны з Другою сусветнаю вайною. Калі пад гнётам фашызму ізраільскі народ натоўпам гналі на расстрэл. Мне гэтую купюру знаёмы прэзентаваў. Хутка яна будзе ў калекцыі, пакуль яе не вывешваў».
Колькі каштуе калекцыя?
Анатоль збірае і купюры, і манеты. Праўда, не лічыць сябе ні нумізматам, ні баністам, бо ніколі нічога для сваёй калекцыі адмыслова не набываў. Усё, што ён мае, – падарункі ад людзей.
Ён бармен ужо 18 гадоў. За гэты час змяніў не адно месца працы, аднак шторазу забіраў з сабою банкноты і манеты, якія паспеў назбіраць. Гэтак ягоная калекцыя паступова разрасталася. «Людзі, наведнікі бараў, дзе я працаваў, вандравалі па свеце і прывозілі мне то нямецкую марку, то літоўскі літ, то латвійскі лат, то эстонскую крону. Мне гэта было даспадобы. Асаблівага значэння не надаваў, але ў гэтым быў пэўны шарм», – прыгадвае Анатоль.
Цяпер у кавярні, дзе ён працуе, вісяць тры стэнды з рознымі грашыма. «Раней мая калекцыя выглядала зусім па-іншаму. Стэндаў не было і некаторыя наведнікі заўважалі яе, а некаторыя – не. Адзін прыяцель, Юрый, які ўвесь час зазірае ў кавярню, каб пасядзець і паразмаўляць, аднойчы прапанаваў мне дапамагчы з афармленнем. Параіў добрага мастака, які і распрацаваў стэнды. Гэтак справа пачала развівацца і з таго часу не спыняецца. Хутка з’явіцца новы стэнд з манетамі», – дадае Анатоль.
Сваіх купюраў бармен не падлічваў, як і кошту ўсёй калекцыі. Сёння ягоная мэта – стварыць пад кожнай апісанне, запісаць гісторыю з’яўлення ў калекцыі. І, вядома, сабраць як мага больш розных банкнотаў і манетаў з усіх краінаў свету.
Купюры, якія прыцягваюць
Звычайна сцэнар трапляння купюраў у рукі бармена падобны: чалавек прыходзіць, заўважае калекцыю і прапаноўвае яе дапоўніць. Любімых экспанатаў у Анатоля тры. Сярод іх – 100 рублёў 1910 года: «Сто гадоў таму рабілі вось такія купюры з вадзянымі знакамі і ўсім астатнім. Столькі часу прайшло, а мы карыстаемся аналагічнымі грашыма». Ёсць у калекцыі і білет фінансавай піраміды МММ, зарганізаванай Сяргеем Маўродзі.
Гісторый, звязаных з калекцыянаваннем, у Анатоля безліч. Да яго падцягваюцца людзі, якія самі штосьці збіраюць, якія прафесійна займаюцца нумізматыкаю ці баністыкаю, якія проста маюць нейкія асобныя манеты ці купюры і хочуць іх прадаць альбо выменяць. Аднак бармен не збіраецца набываць новых экспанатаў: «80 % усёй калекцыі падарылі кліенты, госці гораду з замежжа альбо нашыя маладзечанцы, якія дзесьці пабывалі».
Можна не ведаць чалавека, але заўсёды будзеш памятаць эпізод, калі і як ён табе перадаваў гэтую манету ці купюру, мяркуе Анатоль: «У мяне былі дзве аднолькавыя турэцкія манеты. І вось прыйшоў да мяне чалавек і захацеў адну з іх выменяць. Ён мне прэзентаваў памятны беларускі рубель. І я буду памятаць пра такі выпадак. Гэта не нумізматыка, не баністыка. Тое, што гэта падарунак ад людзей, для мяне даражэй за ўсё. І вельмі прыемна, што да майго захаплення маладзечанцы і госці гораду ставяцца з павагаю».
Працaўнікі кавярні далучыліся да калекцыянавання
З павагаю ставяцца не толькі госці, але і самая кавярня, дзе Анатоль – з самага адкрыцця, сёлета будзе 8 гадоў як. Людзі, якія тут працуюць, таксама час ад часу падносяць то манетку, то купюрку. Менеджар Галіна аднойчы прынесла в’етнамскую банкноту. Ейны знаёмы там пабываў і яна адмыслова для калекцыі Анатоля папрасіла асобнік.
«Вельмі добра, што Анатоль сваё захапленне вынес сюды. Калекцыя не ляжыць у яго дома, дзесьці ў шафе на палічцы, – распавядае спадарыня Галіна. – Тут яна прэзентаваная для шырокага кола наведнікаў. Таму нам вельмі прыемна, што ў нас ёсць такая калекцыя і Анатоль, такі калекцыянер».
Настасся Маланка, belsat.eu
Стужка навінаў