1800 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі за мінулы год. І іншыя лічбы да Сусветнага дню барацьбы з ВІЧ-інфекцыяй


1 снежня адзначаецца глабальны дзень барацьбы з ВІЧ/СНІДам. З 2010 году колькасць выяўленных штогод новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі павысілася на 65 адсоткаў, згодна з міжнароднай статыстыкай.

За 2016 год у нашай краіне было зарэгістравана каля 1800 новых выпадкаў інфекцыі, за 8 месяцаў 2017 году – ўжо 1484. Усяго ў нашай краіне каля 20 тысячаў чалавек жывуць з ВІЧ. Прыкладна палова з іх рэгулярна прымае рэтравірусныя прэпараты, каб знізіць пагрозу развіцця інфекцыі.

Згодна з дадзенымі UNAIDS па Беларусі, найбольш выпадкаў ВІЧ-інфекцый у нашай краіне здараецца ў асяродку людзей, якія ўжываюць наркотыкі – каля 25 адсоткаў.

Найбольшы паказнік распаўсюду ВІЧ – у Гомельскай вобласці, 497 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва. У Менску гэтая лічба складае 199 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва. Найменш ВІЧ распаўсюджваецца ў Горадні і вобласці – 77 выпадкаў на кожныя 100 тысячаў жыхароў.

Па тэме:

У мінулым годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала Беларусь краінай, якая цалкам выключыла пагрозу перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці да дзіцяці падчас цяжарнасці і нараджэння. Пры ўмовах, што маці атрымлівае адпаведныя рэтравірусныя прэпараты.

У свеце

У цэлым свеце больш за 36 мільёнаў чалавек на сённяшні дзень жывуць з ВІЧ-інфекцыяй, з іх 2,1 мільёны – дзеці да 15 гадоў. А ў 2016 годзе было зарэгістравана 1,8 мільёнаў новых выпадкаў інфекцыі.

Сёння, у сусветны дзень барацьбы з ВІЧ-інфекцыяй і СНІДам, была апублікаваная новая справаздача ААН. У ёй вядзецца, што ў глабальным маштабе мужчыны радзей клапоцяцца пра тое, каб прайсці тэст на ВІЧ-інфекцыю, радзей прымаюць тэрапію і часцей паміраюць ад захворванняў, звязаных з ВІЧ, чым жанчыны.

Найбольшая ж пляма захворванняў застаецца пасярод афрыканскага кантыненту, у краінах з нізкім узроўнем жыцця. Менавіта ва ўсходняй і паўднёвай Афрыцы жывуць каля 20 мільёнаў хворых на ВІЧ ад усёй глабальнай лічбы. Там жа адбылося 43% новых выпадкаў захворванняў у 2016 годзе.

Што датычыцца Еўропы, то разам са Злучанымі Штатамі Амерыкі і Канадай, агульная колькасць асобаў з ВІЧ-інфекцыяй складае тут каля 1,6 мільёнаў.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары