Украіна вызваліла з расейскага палону 108 жанчын у межах абмену


Украіна і Расея чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі. Украіна вызваліла з палону 108 жанчын, у тым ліку 96 вайсковак і 12 цывільных. Пра гэта паведаміў кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ермак.

Вызваленыя з расейскага палону ўкраінкі.
Фота: ermaka2022/Telegram

«Нам удалося правесці не проста чарговы маштабны абмен палоннымі. Гэта ўпершыню цалкам жаночы абмен. Сёння ўдалося вызваліць з палону 108 жанчын», – сказаў Андрэй Ермак.

У выніку абмену ўдалося вызваліць 35 прадстаўніц Збройных сілаў Украіны, 32 абаронцы з шэрагаў Вайскова-марскіх сілаў, 12 – з Сілаў тэрытарыяльнай абароны ЗСУ, 8 – з Нацыянальнай гвардыі Украіны (у тым ліку 2 з палка «Азоў»), 5 – з Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту, 4 – з Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Агулам 11 афіцэраў, 85 шараговых і сяржантаў.

Таксама сярод вызваленых – 37 жанчын, эвакуяваных з «Азоўсталі», а таксама грамадзянкі, якіх незаконна затрымалі на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях яшчэ да шырокамаштабнага ўварвання РФ за «занадта праўкраінскую пазіцыю».

Вызваленыя з расейскага палону ўкраінкі.
Фота: ermaka2022/Telegram

Раней «кіраўнік ДНР» Дзяніс Пушылін паведамляў, што абмен прайшоў паводле формулы 110 на 110. Паводле яго, яны вярнулі 80 цывільных маракоў, 30 вайскоўцаў з «ДНР, ЛНР ды іншых рэгіёнаў РФ». Няроўны абмен расейскае Міністэрства абароны растлумачыла тым, што дзве ўкраінскія жанчыны перад абменам «добраахвотна адмовіліся вяртацца ва Украіну, пажадаўшы застацца ў РФ».

Папярэдні абмен адбыўся 13 кастрычніка. Тады з палону былі вызваленыя 20 украінскіх і 20 расейскіх вайскоўцаў. 11 кастрычніка ва Украіну вярнуліся 32 вайскоўцы ЗСУ, а таксама цела ізраільцяніна Дзмітрыя Фіялкі, які быў дзіцячым футбольным трэнерам львоўскага «Дынама», а пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну пайшоў добраахвотнікам на вайну.

Hавiны
Украіна і Расея чарговы раз абмяняліся палоннымі
2022.10.13 19:21

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў