У сталічным гандлёвым цэнтры пройдуць контратэрарыстычныя вучэнні


18 красавіка міліцыя супольна з МНС правядуць планавыя контратэрарыстычныя вучэнні на тэрыторыі менскага гандлёвага цэнтру «Palazzo».

ГЗЦ «Palazzo» ў Менску.
Фота: ТРЦ Palazzo / Facebook

Вучэнні пройдуць уначы, падчас іх будуць правяраць гатовасць дзяржаўных органаў да ўзаемадзеяння і рэагавання на акты тэрарызму, піша БелТА, спасылаючыся на ГУУС Менгарвыканкаму.

Асноўнымі задачамі вучэнняў называюць павышэнне ўзроўню падрыхтаванасці і зладжанасці дзеянняў пры спыненні нападаў дыверсійных разведгрупаў і незаконных узброеных фармаванняў.

Акрамя таго, падчас вучэнняў, як паведамілі ў сталічнай міліцыі, будзе выкарыстоўвацца службовая тэхніка.

Верагодна, нагодаю для правядзення вучэнняў мог паслужыць тэракт, што адбыўся 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай зале «Crocus City Hall». Ахвярамі тэракту сталіся 145 чалавек, улучна з грамадзянамі Беларусі. Пазней Следчы камітэт РФ завёў крымінальную справу ў дачыненні працаўнікоў цэнтру, у якім была канцэртная зала.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў