У Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве прайшла выстава-аўкцыён твораў рэпрэсаваных мастакоў


Выстава-продаж карцін рэпрэсаваных беларускіх мастакоў пад назвай «Вітанкі з Беларусі» адбылася 17 сакавіка ў Варшаве, піша Reform.by. Большасць аўтараў – палітвязні – былыя ці тыя, якія цяпер знаходзяцца за кратамі.

Інсталяцыя «Стол палітзняволенага» на выставе «Вітанкі з Беларусі».
Фота: reform.by

На выставе паказаныя творы 18 рэпрэсаваных беларускіх мастакоў. 17 з іх вымушана пакінулі радзіму, большасць – адбылі турэмны тэрмін. Павел Севярынец, малюнкі якога таксама прысутнічаюць у экспазіцыі, цяпер у Беларусі – адбывае пакаранне ў калоніі.

Фармат экспазіцыі быў некласічным, у ёй былі размешчаныя інсталяцыі. У адной з іх – два сталы. Адзін з іх сімвалічна належаў чалавеку, які быў вымушаны пакінуць радзіму, на другім – рэчы палітвязня: цыгарэта, запалкі, лыжка, кубак, лісты. Там жа – малюнак былога палітвязня Уладзіслава Макавецкага, які ён намаляваў у турме. Куратарка выставы Вольга Шніп на адкрыцці агучыла просьбу аўтара дамаляваць выяву.

Адна з карцін на выставе: Віктар Сяргей. Тлеючы позірк. 2022.
Фота: reform.by

Яшчэ адна інсталяцыя складалася з турэмных малюнкаў Касі Будзько, побач з якімі – швейная машынка як пазнака турэмнай працы, якую яна выконвала.

На ўваходзе ў экспазіцыю на сцяне размесціліся гісторыі мастакоў – удзельнікаў выставы.

Інсталяцыя з турэмных малюнкаў Касі Будзько.
Фота: reform.by

Пасля адкрыцця адбыўся дабрачынны аўкцыён, сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку рэпрэсаваных мастакоў і арт-рэзідэнцыі «Дом Творцаў», якая з’яўляецца адным з арганізатараў выставы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў