У Іянічным моры 18 лютага недалёка ад берагоў грэцкага вострава Корфу загарэўся італьянскі паром «Euroferry Olympia», паведамляе мясцовае агенцтва навінаў АМNА.
На борце былі 290 чалавек: 239 пасажыраў і 51 чалец экіпажу, якіх эвакуявалі на бераг. Адну асобу шпіталізавалі праз атручэнне чадным газам. Акрамя таго, на пароме былі 25 аўтамабіляў і 153 цяжкавікі.
Паводле звестак суднаўладальнікаў, кампаніі «Grimaldi», пажар на яе судне «Euroferry Olympia» адбыўся ў гаражы № 3. У кампаніі падкрэсліваюць, што персанал быў неадкладна мабілізаваны для гашэння пажару, а потым, згодна з устаноўленымі працэдурамі, капітан праінфармаваў кампетэнтныя органы Грэцыі ды Італіі і пастанавіў пакінуць паром.
МЗС Беларусі паведамляе, што з парому эвакуявалі чатырох грамадзянаў Беларусі, іх даставілі на востраў Корфу. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны не пацярпелі.
АД, belsat.eu