Пачалася барацьба з Лукашэнкам за Афрыку і Блізкі Усход: дэмсілы на Давоскім форуме


Святлана Ціханоўская перабівае інтарэсы Лукашэнкі, неафіцыйна кантактуе з некаторымі краінамі СНД, а таксама абмеркавала з «Google», як супрацьдзейнічаць лукашэнкаўскай і крамлёўскай прапагандзе на Сусветным эканамічным форуме. «Белсат» даведаўся ў дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, пра якія вынікі можна казаць.

Дэлегацыя беларускіх дэмсілаў на Давоскім форуме. 16 снежня 2024 года.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram.

«Перабіць інтарэсы Лукашэнкі»

Форум адбываецца ў Давосе штогод. Цяпер – з 15 па 19 студзеня. Святлана Ціханоўская з дэлегацыяй дэмакратычных сілаў адправілася туды ўжо другі раз. Самае важнае, што атрымалася зрабіць у гэтым годзе – гэта пашырыць геаграфію кантактаў, кажа Франак Вячорка.

«З’явіліся кантакты на Блізкім Усходзе, кантакты ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы. Зараз самае важнае – працягнуць гэтую сувязь і паглядзець, дзе мы можам супрацоўнічаць», – адзначае ён.

Для дэмсілаў кантакты з гэтымі краінамі яшчэ і спроба перацягнуць увагу на сябе, бо менавіта там цяпер Аляксандр Лукашэнка шукае падтрымку.

«Гэта спробы перабіць інтарэсы Лукашэнкі і зрабіць яго таксічным. Лукашэнка робіць усе магчымыя намаганні, каб вярнуцца ў міжнародную прастору як прадстаўнік Беларусі. Таму ён ездзіў у Афрыку, рабіў ваяжы ў Эміраты і Кітай. Ён спрабуе такім чынам атрымаць легітымнасць, але з іншага боку ўратаваць сваю эканоміку.

Многія дзяржавы, у якія прыязджае Лукашэнка, глядзяць прагматычна [на дэмсілы. – Рэд.], але наш мэсэдж адназначны, што мы можам гаварыць пра супрацу і мы б хацелі, каб былі і інвестыцыі, і камунікацыя. Але не рабіць гэта цяпер, пакуль Лукашэнка пры ўладзе. Таму што гэтая супраца вядзе да яшчэ большых рэпрэсіяў, да падтрымання вайны. І вось гэты мэсэдж удалося перадаць.

Сапраўды, было многа краінаў, многа знаёмстваў. Новых, у тым ліку з тымі людзьмі, якія яшчэ нядаўна сустракаліся ў Лукашэнкам. Я не скажу, што ёсць нейкі поспех, абяцанні і дамоўленасці – такога няма. Гэта проста першы крок, знаёмства, каб яны пабачылі, што з дэмакратычнай Беларуссю таксама можна мець справы», – кажа Франак Вячорка.

«Яшчэ паўтара гады таму назад гэта было цяжка ў’явіць»

Таксама ў дэмсілаў былі сустрэчы за старымі партнёрамі, у тым ліку з дарадцам па нацыянальнай бяспецы ЗША Джэйкам Саліванам. А яшчэ з прадстаўнікамі некаторых постсавецкіх краінаў.

«Але дамовіліся, што не будзем іх называць. Тут самае важнае – гэта пабудаваць даверлівыя адносіны, таму што зараз для многіх краінаў камунікацыя з беларускімі дэмакратычнымі сіламі можа быць рызыкоўная. Яны разумеюць, што можа быць адказ з боку Расеі.

Таму многія падтрымліваюць адносіны, але на неафіцыйным узроўні. Але, напрыклад, тое, што з украінцамі мы спакойна камунікуем, размаўляем, дзесьці супрацоўнічаем – гэта вялікі прагрэс. Яшчэ паўтара гады таму назад гэта было цяжка ў’явіць, але зараз мы разумеем, што ў нас адна мэта – спыніць расейскую агрэсію і лукашэнкаўскую тыранію», – працягвае Франак Вячорка.

«Google» дапаможа змагацца з прапагандай

Святлана Ціханоўская і віцэ-прэзідэнтка кампаніі Google» Анэт Кробер-Рыель.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

17 студзеня адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі «Google». Абмяркоўвалі, як незалежныя медыя могуць быць больш заўважныя ў пошукавіку, бо праз блакіроўкі ў Беларусі «Google» не адлюстроўвае іх у топах. Такім чынам людзі бачаць у асноўным пралукашэнкаўскія і пракрамлёўскія СМІ.

«Тут мы прыйшлі са спісам прапановаў, сабраных беларускімі журналістамі, грамадзянскай супольнасцю. Мы размаўлялі пра тое, як гэта можна памяняць. Ёсць праблема, што гэта ўручную не рэгулюецца – што трапляе ў пошук, а што не трапляе. Але могуць забаніць, безумоўна, тыя арганізацыі ці медыі, якія ўнесеныя ў санкцыйныя спісы», – кажа Вячорка.

Яшчэ адна тэма – прасоўванне беларускай мовы ў сэрвісах «Google».

«Што да падтрымкі беларускай мовы і лакалізацыі, яны паабяцалі вярнуцца неўзабаве. Наступная сустрэча будзе роўна праз месяц з кіраўніцтвам “Google” на Мюнхенскай канферэнцыі. Мы зробім план на цэлы год, у тым ліку трэнінгі для журналістаў, сустрэчы з прадстаўнікамі, з рэдактарамі беларускіх медыяў, каб прадстаўнікі “Google” маглі патлумачыць, што мы можам зрабіць, каб вышэй з’яўляцца ў пошуку і каб беларусы ўнутры краіны мелі доступ да гэтай інфармацыі», – падводзіць рысу Франак Вячорка.

Агляд
Ціханоўская ў Давосе казала пра вайну, палітвязняў і санкцыі
2024.01.16 17:42

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў