Б'ем рэкорды. У беларусаў на зімовай Алімпіядзе 3-і залаты медаль


Беларуская фрыстайлістка Ала Цупер заняла першае месца на Алімпіядзе ў Сочы ў спаборніцтвах акрабатак.

У фінал ураджэнка Украіны выйшла з апошняга прахаднога месца, атрымаўшы за скачок 77,52 балы. У першым фінальным раўндзе (12 спартовак) яна была першай з 99,18 баламі. У другім (8 спартовак) Цупер замкнула квартэт мацнейшых, атрымаўшых допуск у вялікі фінал (88,50 балы).

Прадстаўніца Беларусі аказалася адзінай, хто выканаў вырашальны скачок, не ўпаўшы і не дакрануўшыся рукой да зямлі (98,01 балы).

Срэбраны медаль заваявала кітаянка Ментао Сю (83,50), бронзавы — алімпійская чэмпіёнка Ванкуверу Лідзія Ласіла з Аўстраліі (72,12).

Сёлетнія Алімпійскія гульні сталі для Цупер пятымі, аднак на п’едэстал яна ўзышла ўпершыню. У 1998 годзе ў Нагана спартсменка была пятай (у складзе ўкраінскай зборнай), у 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці — дзявятай, у 2006 годзе ў Турыне — дзясятай, у 2010 годзе ў Ванкуверы — восьмай.

Сёння таксама Дар’я Домрачава заняла першае, а Надзея Скардзіна трэцяе месца ў індывідуальнай гонцы біятланістак на 15 км.

У медальным заліку Беларусь перамясцілася на сёмую пазіцыю (3 залатыя і 1 бронзавы медалі). Упершыню спартоўцы краіны заваявалі на зімовай Алімпіядзе больш як тры медалі ў цэлым і больш як адзін залаты.



МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў