Паралакс: Два Нгуены


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.



Навіны пра жырафа, забітага ў дацкім заапарку на вачах публікі, прымушаюць прыгадаць іншую смерць перад аб’ектывам. 1 лютага 1968 года амерыканскі фатограф Эдзі Эдамз націснуў на спуск камеры ў момант спуску курка рэвальвера в’етнамскага генерала.




В’етнам, зіма 1968-га
. У самым разгары грамадзянская вайна паміж камуністамі з Поўначы і па-праамерыканску настроеным Поўднем. Набліжаецца Тэт (в’етнамцы жывуць паводле кітайскага календара і адзначаюць Новы год напрыканцы студзеня – на пачатку лютага). Дадому хочуць жаўнеры абодвух бакоў, і бакі вырашаюць падпісаць замірэнне на два дні. У Сайгоне пякуць бань-чунг – пірагі са свінінаю, фасоляю і рысам, сядаюць за стол, ладзяць гучныя забавы, пускаюць феерверкі ды петарды, горад літаральна выбухае. І раптам пад гукі святочных салютаў пачынаюць лятаць баявыя кулі: камуністы сарвалі дамову і пачалі атаку на сталіцу.

Наступ быў няўдалы, бо в’етконгаўцы кепска ведалі горад, а прысутным у Сайгоне амерыканцам святочная атмасфера не моцна дала па галаве, ужо праз два дні жаўнеры ЗША разам з мясцоваю арміяй і паліцыяй адбілі захопленыя будынкі.

На здымку брыгадны генерал Нгуен Нгок Лўан, што дзякуючы сяброўству з прэм’ер-міністрам краіны кіраваў паўднёвав’етнамскай паліцыяй, забівае свайго цёзку (в’етнамскія імёны пачынаюцца з прозвішча бацькі) Нгуена Ван Лема, в’етконгаўскага партызана, каля толькі што вызваленай будысцкай пагады Чан-Кўок.

Фатаграфія, на якой чалавека пазбаўляюць жыцця без суда і следства, ускалыхнула не толькі пацыфістаў: в’етнамская вайна стала не папулярная сярод шырокай грамадскасці, але ўраду спатрэбілася яшчэ сем гадоў, каб пакінуць Сайгон. Нгуен Нгок Лўан пасля перамогі камуністаў перабраўся ў ЗША і адкрыў піцэрыю, але людзі даведаліся, хто ён, і байкатавалі ягоны бізнес, што прымусіла камбатанта закрыць рэстаран.

«Пакаранне ў Сайгоне» было прызнанае здымкам года на рашэнне журы «World Press Photo», а Эдзі Эдамзу далі за яго Пуліцэраўскую прэмію (фатограф не прыняў яе). Да канца жыцця Эдамза грызла сумленне за зруйнаванне рэпутацыі Нгуена, ён назваў генерала героем і папрасіў у яго прабачэння за зламаны лёс.

Наўрад ці Нгуен меў згрызоты сумлення за забойства суайчынніка, але напэўна не раз пашкадаваў, што даў зайсці сабе за спіну рэпарцёру «Associated Press».

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў