Абараніць нацыянальную святыню ад блюзнерства


Абараніць нацыянальную святыню ад блюзнерства. З такою мэтаю пазоў супраць Міністэрства культуры і забудоўнікаў комплексу «Бульбашъ Холл» рыхтуюць сябры ініцыятывы «За ўратаванне курапатаў». Нагодаю сталі, між іншага, звесткі, што забаўляльны комплекс рыхтуецца бавіць гасцей чэмпіянату свету па хакеі – 2014.

{movie}Абараніць ад блюзнерства (12.02.2014) |right|14785{/movie}

Побач вось з гэтымі магіламі людзей, закатаваных рукамі НКВД, плануюць прымаць… гасцей чэмпіянату свету па хакеі – 2014. Гэта не толькі блюзнерства, кажуць тыя, хто змагаецца за захаванне Курапатаў. Лёс урочышча, лёс народнага мемарыялу аказаўся пад пагрозай. Як ніколі раней.

ГАННА ШАПУЦЬКА, ІНІЦЫЯТЫВА «ЗА ЎРАТАВАННЕ КУРАПАТАЎ»: “2014 год – гэта самы небяспечны для Курапатаў год. Магчыма, сёлета вызначыцца лёс гэтага мемарыялу. Дзяржава наступае на Курапаты сямімільнымі крокамі”.

Вядома стала пра гэта выпадкова, падчас размовы абаронцаў Курапатаў з асобаю, якая назвалася будучым дырэктарам забаўляльнага комплексу. З яе словаў, будовы закрываць ніхто не збіраецца, а меркаваны тэрмін адкрыцця аб’екту прыпадае на канец сакавіка. Адзінае, «Бульбашъ Холл» атрымае новую назву. Але гэта не змяняе факту, што за гэтымі сценамі, магчыма, будуць баляваць спартовыя заўзятары.



ВАЛЯНЦІНА СВЯЦКАЯ, АРГКАМІТЭТ «БЕЛАРУСКАГА РУХУ»:
“На жаль, новыя пакаленні выхоўваюцца як манкурты, не ведаючы сваіх каранёў. Напрыклад, ніхто ж не дадумаецца ісці на магілу сваіх бацькоў ці дзядоў і ладзіць там танцы?”

Абаронцы народнага мемарыялу здавацца не збіраюцца. Чарговы планаваны крок – гэта зварот у суд. Пазовы рыхтуюць як для забудоўнікаў, гэтак і Міністэрства культуры. Менавіта ў яго кабінетах летась напалову скарацілі ахоўную тэрыторыю Курапатаў з боку “Бульбашъ Холла”. Ранейшая стаметровая зона цяпер заканчваецца акурат на агароджы забаўляльнага комплексу.



УЛАДЗІМІР РАМАНОЎСКІ, МІЖНАРОДНАЕ ТАВАРЫСТВА «МЕМАРЫЯЛ»:
“Мы перадалі справу юрыстам ды праваабаронцам, у прыватнасці Гары Паганяйла. Я спадзяюся, што цягам месяцу вырашым гэтае пытанне”.

Тым больш, што гэта далёка не адзіная спроба дзяржавы максімальна скараціць ахоўную зону масавых пахаванняў ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. Са словаў абаронцаў Курапатаў, чарговая пагроза паступова надыходзіць з усходняга боку ўрочышча. Паміж цэнтрам “Экспабел” і лясным масівам неўзабаве з’явяцца новыя будынкі.



ГАННА ШАПУЦЬКА, ІНІЦЫЯТЫВА «ЗА ЎРАТАВАННЕ КУРАПАТАЎ»:
“Хутка будзе будавацца выставачны комплекс з іншага боку, там, дзе ішла дарога смерці, якою вазілі людзей на расстрэл, а таксама з боку дарогі Калодзішчы–Заслаўе пабудуюць шматпавярховікі ды катэджнае паселішча”.

А таму актывісты плануюць бараніць урочышча рознымі даступнымі спосабамі. Падчас сённяшняй сустрэчы сябры ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў” абвесцілі і пра намер стварыць “Чорную кнігу сталінізму”.



ІГАР КУЗНЯЦОЎ, ІНІЦЫЯТЫВА «ЗА ЎРАТАВАННЕ КУРАПАТАЎ»:
“Кніга ствараецца ў электронным выглядзе, таму ніякіх абмежаванняў у аб’ёме матэрыялаў не прадугледжваецца. Кожны можа падаць матэрыялы, фота, копіі дакументаў пра сваіх сваякоў, пацярпелых ад рэпрэсіяў, – без усялякай цэнзуры і абмежаванняў”.

Акрамя судовых разбораў і акцыяў пратэсту, спадзяюцца актывісты, такая кніга таксама дапаможа захаваць месца памяці. Яна прыцягне ўвагу да Курапатаў не толькі шырокіх грамадскіх і палітычных колаў у Беларусі, але і ў іншых краінах, грамадзяне якіх таксама пацярпелі ад сталінскага тэрору.



Больш на гэтую тэму ТУТ!

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў