«Гэта тое ж самае, што Домрачава на нейкім прамежкавым этапе была лепшая за ўсіх, а на фінішы аказалася дзявятая»


Вылучэнне кандыдатаў скончылася, распачынаецца рэгістрацыя. Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў уваходзяць у свой чарговы этап. Аднак працэс нечакана зацягнуўся: дагэтуль Цэнтрвыбаркам не мае канчатковых лічбаў зарэгістраваных прэтэндэнтаў на дэпутацтва. Таму пачакаць давядзецца і з рэгістрацыяй.
{movie}Чарговы этап выбараў (11.02.2014) |right|14766{/movie}
Лічбы ёсць, але пакуль прамежкавыя. Паводле днямі апублікаваных Цэнтрвыбаркамам звестак, на 18 816 выбарчых акруг было 16 754 кандыдаты. То бок менш за аднаго чалавека на месца. Зрэшты, у ЦВК вераць, што ўсё яшчэ можа змяніцца да лепшага.

МІКАЛАЙ ЛАЗАВІК, САКРАТАР ЦЭНТРВЫБАРКАМУ: “Гэта тое ж самае, што Домрачава на нейкім прамежкавым этапе была лепшая за ўсіх, а на фінішы аказалася дзявятая. Мусяць быць канчатковыя лічбы, колькі зарэгістравана ў кожнай акрузе. А папярэднія кажуць пра тое, што працэс ідзе”.

Але ці так, як гэтага хацелася б уладам, якія ўжо цяпер прызнаюць, што на сёлетніх мясцовых выбарах не пазбегнуць безальтэрнатыўных акруг? Прычына ж не ў байкатаванні – прынамсі, апазіцыя ў выбарах бярэ ўдзел. Што праўда, здаецца, роўна настолькі, наколькі ёй гэта дазваляюць.

СЯРГЕЙ ВАЗНЯК, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»: “У перыяд збору подпісаў мы сутыкнуліся з фактамі ціску на людзей, якія хацелі быць кандыдатамі. І нейкая частка кандыдатаў проста спужалася адміністрацыйнага ціску на працы, па месцы вучобы”.

Тым не менш, рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў ад кампаніі «Гавары праўду!» цяпер чакаюць больш за 400 асобаў. У іншых апазіцыйных партыях і рухах лічбы больш сціплыя. Гэтак, Партыя БНФ вылучае 90 кандыдатаў, БХД – 120. Большасць з іх таксама зазнала ціск пры зборы подпісаў.

ДЗЯНІС САДОЎСКІ, АДКАЗНЫ САКРАТАР БХД:
“Больш за 10 кандыдатаў маюць ужо папярэджанні ад акруговых камісіяў за правядзенне пікетаў – з розных прычынах. Але відавочны ціск на сябраў аргкамітэту БХД мы безумоўна фіксуем. І гэта паўплывала на тое, што не ўсе тыя, каго мы планавалі вылучыць, вылучыліся”.

Адчувальны ўплыў уладаў і на фармаванне камісіяў, якія будуць лічыць галасы. З больш як 67 тысячаў іх чальцоў апазіцыю рэпрэзентуюць усяго 23 асобы. Дык які сэнс ва ўдзеле дэмакратычных партыяў і рухаў у выбарах, калі з пачатку іх прадстаўнікі ведалі пра несправядлівасць?

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:
“Паказаць людзям, што ёсць альтэрнатыва, як персанальная, гэтак і праграмная цяперашнім уладам, цяперашняму курсу развіцця краіны. Безумоўна, падчас выбараў адкрываюцца дадатковыя магчымасці”.

На рэгістрацыю кандыдатаў Цэнтрвыбаркам мае 10 дзён, пасля 20 лютага распачнецца новы этап выбараў – агітацыя.

СЯРГЕЙ ВАЗНЯК, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»: “Гэта ізноў будзе хваля пікетаў, гэта будуць паходы “ад дзвярэй да дзвярэй”, распаўсюд друкаванай прадукцыі, бо кандыдат мае права яе выдаваць. Гэта будуць сустрэчы з выбарцамі, і мы будзем праводзіць гэта вельмі актыўна”.

У залежнасці ад таго, колькі кандыдатаў зарэгіструе ЦВК. Самыя ж выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў адбудуцца 23 сакавіка.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў