У БДУ «прадавалі» залікі ды іспыты?


Чарговы карупцыйны скандал – у галіне адукацыі. Галоўнае ўпраўленне барацьбы з карупцыяй выявіла злачынную сетку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Цяпер следства спрабуе высветліць, наколькі шырокае кола выкладчыкаў і адміністрацыйных працаўнікоў ВНУ брала хабар за адзнакі на іспытах.

{movie}У БДУ «прадавалі» залікі ды іспыты?|right|14733{/movie}

Летась напрыканцы года Аляксандр Лукашэнка адмаўляў існаванне карупцыі ў беларускіх вышэйшых навучальных установах. Сёння ж стала вядома, што адзнакамі гандлявалі нават у галоўным універсітэце краіны.

Затрымалі пакуль толькі інспектарку дэканату эканамічнага факультэта БДУ, якая дамаўлялася на хабар з групамі студэнтаў завочнікаў эканамічнага факультэту. Грошы збіраліся для шэрагу выкладчыкаў, так што можна казаць пра арганізаваную сістэму, пастаўленую на рэйкі. Кліентамі былі ў асноўным заможныя асобы – паведамляе выданне «Ежедневник». Цяпер следчыя спрабуюць высветліць усіх, хто быў задзейнічаны ў схеме.

Гэта не адзінкавы выпадак карупцыі ў беларускіх навучальных установах. Некалькі дзён таму выкладчыка аднаго з берасцейскіх ВНУ асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі за атрыманне хабараў. Цягам 3-ох гадоў ён браў грошы са студэнтаў за залікі ды іспыты. Да гэтага такі ж скандал раскрылі ў Дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы Гомля. Сямейная пара настаўнікаў брала грошы са студэнтаў ажно цягам 10 гадоў.

БДУ – гэта адзін з нешматлікіх універсітэтаў, з дыпломам якога можна паступіць нават ў некаторыя магістратуры краінаў Еўразвязу і ЗША. Але гэты скандал можа сапсаваць і без таго невысокі імідж нашае адукацыі за мяжою.

Алег Ражкоў, «Белсат»

Стужка навінаў