У заапарку ў Горадні жанчына хацела пагладзіць ільва. Засталася без рукі


Кухарка заапарку захацела пагладзіць ільва ў канцы рабочай змены. Яна самастойна пералезла праз агароджу і прасунула руку ў клетку з драпежнікам.

Вінаватая пацярпелая, распавёў парталу Onliner.by дырэктар заапарку Алег Жданкін.



Пакуль вядома не шмат падрабязнасцяў. Кабета скончыла сваю працоўную змену прыблізна а 17:00 і збіралася пайсці дадому. Але калі яна праходзіла міма секцыі «Драпежныя жывёлы», ёй захацелася пагладзіць ільва. Працаўніца кухні пералезла праз агароджу і прасунула руку ў клетку з драпежнікам. Леў напаў на няпрошаную госцю і пракусіў руку аж да косці.

Прыблізна праз 40 хвілінаў пасля здарэння гарадзенку даставілі ў лякарню хуткай медычнай дапамогі. Лекарам давялося ампутаваць руку на ўзроўні правага пляча.

«Цяпер праводзяць правяранне, і пакуль яго не скончаць, падрабязнасцяў я вам назваць не змагу. Цвярозаю была пацярпелая ці не, можна будзе сказаць, калі лекары дадуць інфармацыю, ці быў алкаголь у крыві. З выгляду працаўніцы мне складана сказаць», – расказаў парталу Onliner.by дырэктар гарадзенскага заапарку.

Спадар Жданкін зрабіў акцэнт на тым, што леў не ўяўляе небяспекі для наведнікаў і працаўнікоў заапарку: «Як жа яны могуць да жывёлы падысці, калі там бар’ер? І выразны подпіс «За бар’ер не заходзіць! Небяспечная жывёліна!». На маёй памяці, а я ўжо 5 гадоў тут працую, ні адна жывёліна не ўчыняла шкоды наведнікам або працаўнікам заапарку. Хоць старажылы кажуць, што раней такое бывала. Дый наогул, шмат у якіх заапарках такія выпадкі адбываюцца. Як правіла, гэта звязана з недысцыплінаванасцю людзей».

Пра якое-небудзь пакаранні льва, паводле Алега Жданкіна, няма гаворкі: «Ну, а ў чым жа леў вінаваты, калі жанчына самая засунула руку ў клетку? Пры чым тут ён? Тут вінаваты чалавек».

МЯ, belsat.eu, паводле onliner.by

Стужка навінаў