Паліцэйскія, вайскоўцы, казакі. Сочы нагадваюць вайсковую базу


Сочы, сталіца Зімовае Алімпіяды, з ціхага чарнаморскага курорту ператварылася ў цэнтр увагі ўсяго свету. Госці прыбылі, старт Гульням дадзены. Дадзеныя і каманды вайскоўцам і паліцыі, праз колькасць якіх на вуліцах гораду яго памылкова можна прыняць за вайсковую базу. Чым выкліканыя такія захады бяспекі?

Галоўная спартовая імпрэза года – своеасаблівая лакмусавая паперка стаўлення свету да палітыкі Расеі ды яе прэзідэнта. Метадычны пераслед апазіцыі ды парушэнні правоў чалавека пераважылі нават такі аргумент, як нядаўняе вызваленне ў Расеі шэрагу палітвязняў.

{movie}Бяспека перадусім|right|14711{/movie}

Не будзе на расейскім курорце прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы, які сваю адсутнасць дыпламатычна патлумачыў шчыльным працоўным графікам.

Не пабачаць у Сочы брытанскага прэм’ера Дэйвіда Кэмэрана, прэзідэнта Нямеччыны Ёахіма Гаўка і канцлеркі Ангелы Мэркель, кіраўніцы Літвы Далі Грыбаўскайце, якая раней заявіла пра байкот Гульняў. Не збіраецца сюды і Франсуа Алянд – французскую дэлегацыю, як і шведскую, ачольвае міністр спорту.

ВАЛЕРЫ ФУРНЭЙРОН, МІНІСТР СПОРТУ ФРАНЦЫІ:

“Перыяд Алімпійскіх гульняў мае найперш стаць прыкладам павагі да ўсіх правоў чалавека. Пад словам “усіх” я маю на ўвазе тое, што не мусіць быць аніякай дыскрымінацыі”.



На запрашэнне Уладзіміра Пуціна адгукнуліся, між іншых, і кіраўнікі тых краінаў, дзе з правамі чалавека, мякка кажучы, не ўсё ў парадку. Сярод іх раптоўна ачунялы ад хваробы Віктар Януковіч, які не ўпершыню пакідае ахопленую хваляваннямі Украіну і, натуральна, аматар спорту Аляксандр Лукашэнка. Апошні традыцыйна прыбыў разам з малодшым сынам Колем і ўжо паспеў пратэставаць алімпійскую лыжню. Але ці спраўджаныя і зробленыя ўсе захады бяспекі, абяцанай ганаровым і не толькі гасцям Сочы?

ДЗМІТРЫЙ КОЗАК, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР РАСЕІ:

“Узровень бяспекі ў горадзе Сочы нічым не горшы, чымся ў Нью-Ёрку, Лондане, Вашынгтоне або ў Бостане”.

Але ці варта ў гэтым выпадку прыводзіць як прыклад Бостан, дзе летась менавіта падчас масавай спартовай імпрэзы адбыўся тэрарыстычны акт?

Расейскія ж улады запэўніваюць: за парадкам у Сочы сочаць! Дзясяткі тысячаў паліцэйскіх, вайскоўцаў, казакі. Зброю і бронекамізэлькі выдалі нават ахоўнікам на вакзалах. Прыбярэжную ж зону патрулююць вайсковыя караблі. Без кантролю ў горад і да месцаў спаборніцтваў не трапіць нават мыш, упэўненыя госці Алімпіяды.

РАСЕЙСКІЯ ЗАЎЗЯТАРЫ:

“Не, не баімся. Мяркуючы з колькасці людзей, паліцэйскіх, здаецца, усё чыста. Думаем, усё будзе добра”.

“Больш імаверна, што на цябе зваліцца цэгла або атруцішся нейкім няякасным прадуктам, чымся адбудзецца тэракт на найбуйнейшай імпрэзе апошніх пяці гадоў”.



Падобныя ж думкі напярэдадні Алімпіяды неаднаразова агучвалі і дзяржаўныя расейскія медыі. І не дарма. Ніякія сродкі бяспекі не могуць сцерці ў памяці нядаўніх тэрактаў у Валгаградзе і пагрозаў экстрэмістаў з Каўказу сарваць Алімпійскія гульні. Горы ж Каўказу – зусім побач…

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў