Для сям’і Міхаіла Жызнеўскага сабралі каля $ 5 тыс.


Грошы для сям’і загінулага на Майдане беларуса збіралі па ўсёй краіне, а таксама ў Польшчы, Украіне і Літве.

«На гэтым тыдні мы скончылі збіраць грошы для сям’і Міхаіла Жызнеўскага, – паведаміла грамадская актывістка Дар’я Каткоўская, адна з арганізатараў збору сродкаў. – Разам з перададзенай 27 студзеня сумаю $ 2915 усяго шляхам асабістага збору, пераводамі ды ўэб-мані з удзелам Менску, Горадні, Гомля, Варшавы, Вільні ды ўсёй Беларусі сабралі $ 4700».

Самаю маленькаю сумаю ахвяравання было Br 10 тыс., самаю вялікаю – $ 300. У сярэднім ахвяравалі ад Br 50 да 200 тыс.

Як паведаміў гомельскі актывіст Андрэй Стрыжак, ва Украіне збор сродкаў для сям’і Міхаіла Жызнеўскага працягваецца. «Таксама сям’ёй супольна з украінскім бокам адкрыты дабрачынны рахунак для збору сродкаў на кватэру ягонай маці, бо, паводле паплечнікаў Міхаіла, ягонаю мараю было купіць маці кватэру», – сказаў Стрыжак.

25-гадовага жыхара Гомля Міхаіла Жызнеўскага забілі стрэлам у сэрца 22 студзеня. МУС Украіны пацвердзіла, што беларус памёр ад агнястрэльнага ранення, і заявіла аб правядзенні расследавання. Прадстаўнік пракуратуры Кіева, у сваю чаргу, заявіў аб недатычнасці сілавікоў да забойства Жызнеўскага ды іншых загінулых у ходзе вулічных сутыкненняў людзей.

Украінская апазіцыя лічыць, што Жызнеўскага, Нігаяна і Сенніка забілі працаўнікі спецпадраздзялення МУС «Беркут». На думку некаторых мясцовых экспертаў, стрэлы зрабілі з боку Марыінскага парку, які месціцца на ўзгорку і заняты сілавікамі. Некалькі дзён таму ў інтэрнэце з’явіўся відэазапіс абстрэлу «Беркутам» мітынгоўцаў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў