STARавіны. Дабрачыннасць як сацыяльная каштоўнасць


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

На днях з нашых медыяў даведаўся пра смерць Генадзя Грушавога – заснавальніка Беларускага дабрачыннага фонду «Дзеці Чарнобылю», пра дабрачынны фонд «Шанц», які за 5 гадоў сваёй дзейнасці дапамог больш як 340 цяжкахворым дзецям. Захацелася нагадаць, што адбывалася ў гэтай сферы 100 гадоў таму. У гэтым дапаможа «Могилёвский вестник» за 1913 год.

У Магілёве дзеяла Таварыства дапамогі бедным Магілёўскай губерні. У 1912 годзе яно апекавалася хлопчыкамі ў прытулку, давала адзінаразовую і штомесячную дапамогу для аплаты адукацыі найбяднейшым бацькам, выдавала абеды ў таннай сталоўцы. У прытулку было 63 хлопчыкі ўзростам ад 5 да 18 гадоў, 48 з іх вучыліся, 14 працавалі ў майстэрнях (8 у сталярнай, 6 у шавецкай). Быў арганізаваны хор, аркестр балалаечнікаў. У сталовай выдалі 50 062 абеды, на Вялікдзень арганізоўвалі стол для 400 бедных, на Новы год – ялінку для 300 бедных дзяцей. Чацвёрты год дзеяў Дом працалюбства, у які звярталіся за працаю прыблізна 100 чалавек, а з дзецьмі праводзіліся заняткі пісьменнасці. (26.04., с. 3). 3 чэрвеня 1913 года ў садзе Дэмбавецкага (на Гарадскім вале) адбылося разыгранне латарэі, зарганізаванае Таварыствам дапамогі бедным. Нягледзячы на хмарнае надвор’е і халодны дзень, прыйшлі прыблізна 6 тыс. асобаў. Адзін з прызоў, швейную машынку, выйграла бедная яўрэйка, якая плакала з радасці (№ 120, с. 3).

30 гадоў існавала ў Магілёве Таварыства дапамогі бедным выхаванкам Магілёўскай жаночай гімназіі ведамства ўстановаў імператрыцы Марыі. У 1912 годзе дапамаглі 52 вучаніцам (№ 54, с. 3). 13 лістапада 1913-га ў гімназіі адбылася дабрачынная вечарына – паставілі п’есу, спявалі мясцовыя артысткі Е. Казанская і Н. Невяроўская, былі танцы. У выніку сабралі 685 руб. (№ 253, с. 3).

25 сакавіка ў памяшканні Магілёўскага грамадскага клубу жонка кіраўніка дзяржаўнымі маёмасцямі В. Лук’яновіч зарганізавала спектакль на карысць Дабрачыннага таварыства ведамства земляробства. Яно збірала грошы і дапамагала сваім службоўцам ды іхным сямейнікам на выпадак хваробы ці смерці – давала дапамогу і безадсоткавыя пазыкі з паступовым пагашэннем доўгу. Дзякуючы гэтаму дзеці бедных бацькоў маглі атрымаць адукацыю (№ 67, с. 3).

Не быў і тады лёгкім шлях рэгістрацыі дабрачыннага таварыства. Вось напрыклад, жыхары Гомля падалі ў губернскае праўленне хадайніцтва аб рэгістрацыі Таварыства аматараў мастацтва і літаратуры, мэтаю якога была б мастацка-выхаваўчая дапамога сябрам таварыства ды іхным сямейнікам. Ім адмовілі ў рэгістрацыі з фармальных прычынаў (№ 57, с. 3).

Для тых, каго натхнілі прыклады дабрачыннасці нашых продкаў і хто хацеў бы сам дапамагчы, нагадваю сайт – www.chance.by.

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў