Экс-дарадца Пуціна: У Крамлі разважаюць пра ўвод расейскіх войскаў ва Украіну


На фоне адноснага зацішша на кіеўскіх барыкадах супрацьстаянне ўсцяж трывае па-за межамі Майдану – ад падпалаў аўтаў актывістаў да выкраданняў і катаванняў людзей. Жарсці вакол Украіны палаюць і на міжнароднай трыбуне. У Мюнхене міжсобку счапіліся еўрапейскія ды расейскія чыноўнікі, а ў Маскве папярэджваюць пра магчымае ўмяшанне ў канфлікт расейскіх вайскоўцаў.

{movie}Бітва за Украіну (01.02.2014)|right|14592{/movie}

Расея абвінаваціла Еўразвяз у палітыцы падвойных стандартаў адносна Украіны, а заходнія палітыкі пацвердзілі свае ранейшыя прапановы Кіеву ў супрацы. На міжнароднай канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене сёння было горача.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:

“Чаму не чутно асуджальных галасоў на адрас тых, хто захоплівае і ўтрымлівае дасюль адміністрацыйныя будынкі, нападае на паліцыянтаў, падпальвае паліцыянтаў, выступае з расісцкімі, антысеміцкімі, нацысцкімі лозунгамі”?



ДЖОН КЕРЫ, ДЗЯРЖСАКРАТАР ЗША:

“Пераважная большасць украінцаў хоча жыць свабодна – у бяспечнай і квітнеючай краіне. І яны змагаюцца за права на аб’яднанне з тымі, хто дапамагае рэалізоўваць іхныя памкненні. Злучаныя Штаты і Еўразвяз салідарныя з народам Украіны ў гэтай барацьбе”.

Тым часам лідары ўкраінскай апазіцыі, якія таксама ўзялі ўдзел у канферэнцыі, заклікалі Еўропу і ЗША перайсці ад падтрымання на словах да больш рашучага ціску на Віктара Януковіча. Каб спыніць гвалт і не дапусціць грамадзянскай вайны ва Украіне.

ВІТАЛЬ КЛІЧКО, ЛІДАР УКРАІНСКАЙ АПАЗІЦЫІ:

“Людзі кажуць: “Хопіць чакаць! Хопіць карупцыі! Хопіць жыць без правілаў!”, і паволі робяцца больш агрэсіўныя. Таму нам трэба канкрэтныя крокі з боку Януковіча, які мае абсалютную ўладу ва Украіне і нясе поўную адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне”.

Тым часам Служба бяспекі Украіны распачала крымінальную справу ў спробе захопу дзяржаўнай улады. Усіх без вынятку лідараў Майдану і Аўтамайдану абвесцілі ў вышук. Аднаго з іх – Дзмітрыя Булатава, які цудам застаўся жывы пасля выкрадання і жорсткіх катаванняў, міліцыя намагалася арыштаваць наўпрост у рэанімацыі.

ІГАР МІРАШНІЧЭНКА, ПАРТЫЯ «СВАБОДА»:

“У нашай краіне, на жаль, мажлівая сітуацыя, калі абсалютна хворага напалову прытомнага чалавека міліцыя можа выкрасці. І сёння невядома, ад каго большага зла чакаць, – ад тых бандытаў, якія выкрадаюць людзей, катуюць, а потым выкідаюць на 20-градусны мароз паміраць, ці ад міліцыянтаў, якія робяць тое самае, але прыкрываючыся афіцыйнымі дакументамі”.

На кіеўскіх жа барыкадах, не зважаючы на часовае зацішша і спыненне сутыкненняў з сілавікамі, атмасфера таксама застаецца напружаная. Чыя атака будзе наступная, тут дакладна сказаць не бярэцца ніхто. Ці то “Беркуту”, які ўсцяж стаіць насупраць. Ці то войска, якое, паводле апазіцыі, гатовы задзеяць Януковіч. Ці то… расейскіх вайскоўцаў. Паводле Андрэя Іларыёнава, экс-дарадцы Уладзіміра Пуціна, у Крамлі, сярод іншых, распрацоўваюць і гэткі сцэнар развіцця падзеяў ва Украіне.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў