Навошта Следчаму камітэту гумавыя кулі?


Гумавыя і святло-шумавыя патроны набывае Следчы камітэт Беларусі. Супраць каго ідзе ўзбраенне? Толькі напярэдадні развіталіся з беларусам, які загінуў ад кулі на барыкадах у Кіеве. І Міхаіл Жызнеўскі – не першы наш суайчыннік, які за свабоду ахвяраваў самым дарагім – жыццём. Але ці апошняя гэта ахвяра нашага народу?

{movie}Кроў за свабоду|right|14541{/movie}

Цела Міхаіла Жызнеўскага на могілкі, дзе ляжыць не адно пакаленне ягоных продкаў, прывезлі з васьмігадзінным спазненнем. Хавалі ў цемры, без гучных прамоваў, пад жоўта-блакітнымі ды бел-чырвона-белымі сцягамі.

КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
“На жаль, Беларусь хавае сваіх герояў у цемры. Так было з Андрэем Зайцавым. Таксама быў вечар, мароз і ноч, і цяпер гэтак адбываецца з Міхаілам Жызнеўскім”.

Андрэй Зайцаў, гэтаксама, як і Міхаіл, – ахвяра жорсткага аўтарытарнага рэжыму. У 2001 годзе актывіст руху “Зубр” скончыў жыццё самагубствам праз ціск і пагрозы з боку асобаў, якія называліся супрацоўнікамі беларускага КДБ.

АНДРЭЙ ТОЛЧЫН, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ, ГОМЕЛЬ:
“Заўсёды таталітарныя рэжымы патрабуюць ахвяраў. Гэта тычыцца і былога Савецкага Саюзу, і фашысцкага рэжыму ў Нямеччыне, і гэта тычыцца Беларусі”.

Дзе ніхто не застрахаваны ад гвалту і замаху на жыццё. І такіх прыкладаў у найноўшай гісторыі Беларусі багата: знікненне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага, таямнічая смерць Анатоля Майсені ды Генадзя Карпенкі, давядзенне да самагубства грамадскай актывісткі Яны Паляковай. І колькі яшчэ ахвяраў, імёнаў якіх мы можам і не ведаць.

УЛАДЗІМІР ШЫЦІКАЎ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
“Заб’юць любога чалавека. За “зоркі”, за прэміі, за грошы, за нейкія ільготы. Потым яны будуць казаць, што яны не хацелі, гэта іх прымушалі. Але сутнасць бандытаў заўжды адна і тая ж”.

Гэтак, цяжка сказаць, ці былі смяротныя ахвяры пасля брутальных разгонаў мірных дэманстрацыяў, як, напрыклад падчас “Менскае вясны 96-га” або пасля 25 сакавіка 2006 года? Тады на праспекце Дзяржынскага гэтак званыя праваахоўнікі выкарысталі супраць людзей шумавыя гранаты, мелі яны і агнястрэльную зброю. У выніку, паводле звестак праваабаронцаў, былі не толькі збітыя і параненыя, але і зніклыя.

РАІСА МІХАЙЛОЎСКАЯ, ПРАВААБАРОНЦА:
“Да нас пасля тых падзеяў звярталіся сваякі зніклых, і мы падавалі спісы аб знікненні гэтых людзей. Некаторы час яны прысутнічалі ў гэтых спісах, а потым нам паведамлялі, што з гэтых спісаў яны выдаленыя”.

Пра імаверныя ахвяры праваабаронцы казалі і пасля разгону Плошчы-2010. Дык няўжо пераход да дэмакратыі ў Беларусі без крыві немагчымы? На думку палітыка Паўла Севярынца, прынамсі цяпер, калі б у Менску адбываліся падзеі, падобныя да тых, што ва Украіне, рэакцыя Лукашэнкі была б значна больш жорсткая, чымся Януковічава.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, ПАЛІТЫК:
“На працягу некалькіх гадзінаў адбылася б зачыстка. Нягледзячы на рэакцыю людзей, міжнароднай супольнасці, нягледзячы ні на якія маральныя нормы, людзей бы проста збілі, злілі б вадамётамі ды, калі б спатрэбілася, то гэтая ўлада не спынілася б і перад стрэламі па сваіх грамадзянах”.

Хоць і ўскоснае, але пацверджанне словаў палітыка – звесткі з плану закупак Следчага камітэту на гэты год, у які, акрамя офісных прыладаў, улучылі… гумавыя і святло-шумавыя кулі.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў