Наста Дашкевіч: Я не ляпаю дзвярыма, сыходзячы з «Маладога фронту»


«Сітуацыя вельмі простая. Я ў «Маладым фронце» – 10 гадоў, і гэта вельмі шмат для моладзевай арганізацыі. Таму перада мною паўстаў вельмі просты выбар: ці пайсці з палітычнага поля зусім, ці пайсці ў пэўную структуру і працаваць далей», – адзначыла адна з лідараў «Маладога фронту».



Дзяячка прызналася, што ідэі «Гавары праўду» ёй імпануюць, і ў кампаніі яна бачыць патэнцыял прафесійнай працы.

Паводле актывісткі, ейнае рашэнне ні ў якім разе не азначае, што яна «ляпае дзвярамі, сыходзячы з «Маладога фронту»: «Беларуская публіка, напэўна, не прывыкла, што людзі сыходзяць без скандалаў ды інтрыг».

Паводле Насты Дашкевіч, ейны муж, былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, нармальна ўспрыняў ейнае рашэнне, хоць не раз крытыкаваў «Гавары праўду»: «Ён хоча, каб мне было лепш, каб я развівалася. Безумоўна, на першым месцы ў мяне стаіць сям’я, і калі раптам будуць такія сітуацыі, калі кардынальным чынам будуць разыходзіцца пункты гледжання ці мая пазіцыя будзе разыходзіцца з рашэннем «Гавары праўду», тады мы будзем гэтыя сітуацыі неяк вырашаць».

Пакуль, зазначыла актывістка, яна не бачыць такіх прыкладаў нязгоды.

У «Гавары праўду» Наста Дашкевіч будзе займацца культурнымі ды медыйнымі праектамі: «Першае, за што я вазьмуся, – гэта правядзенне прэміі імя Святланы Навумавай, якую я ў свой час атрымала. А ў далейшым будзем глядзець па сітуацыі».

Са словаў старшыні «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева, Наста Дашкевіч – «адна з найбольш яркіх асобаў не толькі ў дэмакратычнай апазіцыі, але і сярод грамадзянаў гэтай краіны».

«Я проста захапляўся ёю, калі мы разам сядзелі ў «амерыканцы». Ніхто, бадай, з усіх астатніх палітыкаў, якія апынуліся там, не паводзіў сябе з такою годнасцю, як Наста. Яе паважалі нават турэмшчыкі. Апрача асабістых якасцяў, у яе высокі інтэлект, ясны светлы розум, што на сённяшні дзень – у дэфіцыце», – зазначыў Някляеў.

На ягоную думку, арыентаванасць Настассі Дашкевіч на беларускія нацыянальныя каштоўнасці «можа прыўнесці важкую карысць у «Гавары праўду», якую папракаюць за не вельмі актыўны нацыянальны складнік».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў