Украіна: Януковіч прыняў адстаўку прэм'ера Азарава (Абнаўляецца)


Сёння ў Кіеве адбываецца пазачарговая сесія ўкраінскага парламенту.

15:50

Лідар Украіны Віктар Януковіч прыняў адстаўку прэм’ер-міністра Мікалая Азарава



13:50


Вярхоўная Рада пераважнаю большасццю галасоў скасавала законы, якія абмяжоўваюць магчымасці мірнага пратэсту (361 з 450 дэпутатаў). Януковіч адстаўку Азарава пакуль не прыняў.

11:30

Прэм’ер-міністр Мікалай Азараў падаў у адстаўку. Пра гэта паведамляе сайт украінскага ўраду. Пакуль не вядома, хто зойме ягонае месца: прадстаўнікі апазіцыі раней адкінулі прапанову Януковіча заняць месцы ва ўрадзе.

11:10

«Партыя рэгіёнаў», што падтрымлівае Януковіча, заяўляе, што гатовая прагаласаваць за амністыю для затрыманых майданаўцаў – але толькі ў выпадку, калі Майдан разыдзецца.

Пакет законаў, што раней ухваліў украінскі парламент, прадугледжвае пакаранне за блакаванне дзяржаўных установаў, забарону выкарыстоўваць каскі на мітынгах, увядзенне ў Крымінальны кодэкс артыкулаў пра экстрэмізм і паклёп. Гэтыя законы даюць юрыдычныя падставы для сілавога разгону Майдану. Новыя артыкулы КК закрануць журналістаў і праваабаронцаў – іхныя матэрыялы пра злачынствы чыноўнікаў могуць кваліфікавацца як паклёп. Украінская апазіцыя называе скасаванне новых нормаў адною з галоўных умоваў, што высоўваюцца дзейным уладам.

Падчас перамоваў лідараў украінскай апазіцыі з прэзідэнтам краіны Віктарам Януковічам апошні паабяцаў скасаваць гэтыя законы. Акрамя таго, гаворка вялася пра амністыю для ўдзельнікаў пратэстаў, аднак улады патрабуюць неадкладна вызваліць захопленыя адміністрацыйныя будынкі ды разблакаваць вуліцы і дарогі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў