Януковіч прапанаваў Яцэнюку пасаду прэм’ера, а Клічко – віцэ-прэм’ера


Украінская апазіцыя спаткалася сёння з прэзідэнтам Украіны. Віктар Януковіч прапанаваў лідару фракцыі «Бацькіўшчына» Арсенію Яцэнюку пасаду прэм’ер-міністра, а лідару партыі «УДАР» Віталію Клічко – віцэ-прэм’ера ў гуманітарных пытаннях.



Калі ж Арсеній Яцэнюк выкажа згоду заняць пасаду прэм’ер-міністра Украіны, Януковіч прыме рашэнне аб адстаўцы ўраду, агучыла міністр юстыцыі Алена Лукаш.

{movie}Януковіч прапанаваў Яцэнюку пасаду прэм’ера, а Клічко — віцэ-прэм’ера |right|14464{/movie}

«Прэзідэнт Украіны перакананы, што супольная праца з апазіцыяй дапаможа дзяржаве аб’яднацца і правесці неабходныя рэформы для дзяржавы і грамадства. Прэзідэнт Украіны чарговы раз выказаў шкадаванне з нагоды ўсіх трагічных выпадкаў, раненняў, ахвяраў, канфліктаў апошніх дзён і падкрэсліў, што гвалт недапушчальны. Мы асуджаем ўсе радыкальныя сцэнары ды іх наступствы», – сказала Лукаш.

«Выглядае на тое, што лідары апазіцыі прынялі прапанову Віктара Януковіча», – перадаў з Кіева карэспандэнт «Белсату» Усевалад Шлыкаў.

Януковіч паабяцаў апазіцыянерам вызваліць з-пад варты ўсіх затрыманых падчас пратэстаў ды іх амніставаць. За гэта лідары апазіцыі павінны гарантаваць поўны сыход людзей з вуліцы Грушэўскага і спыненне любых супрацьпраўных дзеянняў, а таксама вызваліць усе захопленыя памяшканні, падае афіцыйны інтэрнэт-сайт прэзідэнта Украіны.

Кіраўнік Украіны згадзіўся на вяртанне Канстытуцыі ўзору 2004 года, згодна з якой Украіна мае быць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Будзе створана рабочая група, задачай якой будзе змена заканадаўства пра рэферэндум, каб пазней вынесці прапанаваныя змены ў Асноўны закон на ўсеагульнае галасаванне.

Януковіч абяцаў таксама злагодзіць законы, прынятыя 16 студзеня 2014 года, якія абмяжоўваюць свабоду сходаў і мітынгаў. Зменены будзе таксама склад Цэнтральнай выбарчай камісіі, куды сваіх прадстаўнікоў вышле кожная парламенцкая фракцыя прапарцыянальна да колькасці сваіх чальцоў у Вярхоўнай Радзе.

Перамовы прэзідэнта і апазіцыі будуць працягвацца. Віктар Януковіч выклікаў Віталя Клічко на публічныя дэбаты, на якія апошні выказаў сваю згоду.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.ua

Стужка навінаў