Ірану аслабілі эканамічную пятлю


У адказ на прыпыненне іранскай ядравай праграмы Расея, Кітай і краіны Захаду часткова знялі санкцыі ды размарозілі актывы Ісламскай Рэспублікі.

Ірану дазволілі гандляваць нафтаю, каштоўнымі металамі ды аўтамабілямі. У выніку частковай адмены санкцыяў апальны іранскі ўрад і прэзідэнт могуць атрымаць у дзяржаўны скарб дадатковыя $ 4,2 млрд, дзякуючы якім магчыма залатаць дзюркі ў бюджэце. Але аднавіць свае пазіцыі на сусветным рынку Ірану ўдасца няхутка. З моманту ўвядзення заходніх санкцыяў кошты ў краіне выраслі на 40 %, валюта патаннела на 80 % у адносінах да амерыканскага долара.

Кожны дзень санкцыяў каштуе іранцам амаль $ 100 млн, не заробленых на экспарце нафты. Беспрацоўе ў краіне вырасла да 30 %.

І тым не менш «гэты год будзе для іранцаў нялёгкім і пройдзе пад сцягам змагання з інфляцыяй», – адзначыў летась прэзідэнт краіны Хасан Рухані. Амерыканскія публіцысты заўважаюць, што, прыпыніўшы ядравую праграму, іранскі лідар проста ўзяў перапынак, каб паправіць сітуацыю ў эканоміцы, але не збіраецца адмаўляцца ад ўзбагачэння ўрану.

Шэраг заходніх краінаў, а таксама Расея і Кітай у гэтым не зацікаўленыя. Іранская ядравая зброя можа прынесці нестабільнасць у рэгіён, без перапынку паўтараюць заходні аналітыкі. А за стабільнасць выступае не толькі Захад. Гэта важна і для Масквы. Тым больш адмена санкцыяў – заслуга расейскай дыпламатыі. Менавіта Масква згуляла ролю галоўнага лабіста Ірану на перамовах аб ядравай праграме. Іранскі палітолаг Хасан Бэгэштыпур (Hasan Beheshtipur) мяркуе, што растлумачыць расейскі лобінг можна вельмі проста: Расея ўжо атрымала гіганцкі прыбытак ад высокіх коштаў на чорнае золата, росту якіх паспрыяла не толькі сусветная кан’юнктура, але і заходнія санкцыі ў дачыненні Ісламскай Рэспублікі.

Гандлёва-фінансавыя абмежаванні гэтай краіны Блізкага Усходу прывялі да немалых стратаў Еўропы і ЗША. Сітуацыя змусіла Іран зблізіцца з азіяцкім рынкам збыту. У выніку гандлёвы абарот з Кітаем апошнім часам толькі павялічваўся. І, вядома, пацяпленне ў адносінах Захаду ды Ісламскай Рэспублікі не задавальняе кітайцаў, тлумачыць Бэгэштыпур выданню «Donya-e-Eqtesad».

Тым часам Іран лічыць галоўным не дазвол на гандаль нафтай, а зняцце санкцыяў з транспартнага сектару, большую частку прыбытку ад якога ў Тэгеране збіраюцца выдаткаваць на абнаўленне авіяпарку і дэталі для аўтамабіляў, піша «Бі-Бі-Сі».

Дзякуючы «брацкай» дапамозе Масквы, з Тэгерану здымуць і эмбарга на закуп медыкаментаў і харчавання. Міжнародныя санкцыі не забаранялі набываць рэчы першай неабходнасці, аднак праз забарону на міжнародныя фінансавыя трансакцыі зрабіць гэта было вельмі складана.

Еўрапейскія бізнесоўцы часу не губляюць. «Голас Амерыкі» паведамляе, што прадпрымальнікі з Еўропы ўжо едуць у Тэгеран для падпісання гандлёвых дамоваў, а «Аўстрыйскія авіялініі» вярнулі ў расклад маршрут Вена–Тэгеран, прыпынены летась з прычыны ціску ЗША.

Размарожаныя актывы Ірану – частка ў моры. Агульны памер замарожаных актываў краіны складае прыкладна $ 100 млрд.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў