Дары валхвоў едуць у Менск (відэа)


Дары валхвоў, якія апошнія паўтысячагоддзя захоўваліся на святой гары Афон, упершыню трапілі па-за межы Грэцыі. Манахі зрабілі выключэнне для вернікаў Расеі, Беларусі ды Украіны. У Менску рэліквія сусветнага маштабу будзе ўжо праз два дні. З падрабязнасцямі – Алег Ражкоў.



{movie}Дары валхвоў едуць у Менск |right|14266{/movie}

У Маскве Дарам валхвоў прыйшло пакланіцца каля паловы мільёна чалавек, яшчэ больш за 21 тысячу наведалі святыню ў Пецярбурзе. Небывалы наплыў вернікаў чакаецца і ў Беларусі. Да мерапрыемства ужо пачалі рыхтавацца як царква так і дзяржава.

Дары валхвоў змесцяць у храм у гонар святога Іова Шматпакутнага Дома Міласэрнасці, што каля метро Усход. Доступ да святыні будзе з 17 па 23 студзеня з 8 да 22 00. Тэрыторыю вакол храма міліцыя возьме пад кругласутачную ахову. Супрацоўнікі ДАІ ўжо вызначылі паркоўкі для аўтатранспарту. Магчыма будуць выкарыстоўвацца металадэтэктары для надгляду ручной паклажы. Разглядаецца пытанне аб размяшчэнні аўтобусаў ў якіх вернікі змогуць пагрэцца.

Дары валхвоў згадваюцца ў Евангеллі ад Матфея, дзе сказана, што немаўлю Хрысту былі паднесены золата, ладан і смірна. Усё гэта мела сімвалічнае значэнне. Золата было падорана як цару, ладан – як Богу, а смірна – сімвал смяротнасці – як чалавеку. Святыня захоўваецца ў 10 невялікіх каўчэгах у выглядзе 28 залатых пласцін на якія падвешаны бусіны з ладану і смірны. У Беларусь прыедзе толькі тры пласціны.

Калі вы вырашыце дачыніцца да святыні, абавязкова цёпла апранайцеся, бо у Маскве паломнікі праводзілі ў чэргах па 5-6 гадзінаў. Таксама можна пакінуць у храме запіску, але яе трэба напісаць загадзя.

Алег Ражкоў, belsat.eu

Стужка навінаў