Яўген Васьковіч з кастрычніка 2011 года правёў у штрафным ізалятары 247 дзён


Член аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Васьковіч, які адбывае пакаранне ў турме № 4 у Магілёве, з кастрычніка 2011 года правёў у штрафным ізалятары 247 сутак, паведамляе прэс-служба БХД.

Паводле інфармацыі адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага, апошнія 10 сутак у штрафным ізалятары Васьковіч атрымаў 27 снежня 2013 года, сустрэўшы ў карцары Новы год. Большасць пакаранняў абгрунтоўваецца «адмоваю выконваць законныя патрабаванні працаўнікоў турмы».

У сярэднім, адзначыў Садоўскі, Васьковіч праводзіць у штрафным ізалятары 15–20 сутак на месяц. Пры росце 186 сантыметраў ён важыць цяпер 65 кілаграмаў. Нерэгулярна і выбарачна даходзяць лісты і бандэролі як Васьковічу, так і ад яго. БХД заклікае праваабаронцаў і міжнародныя арганізацыі выказаць пратэст, а кіраўніцтва турмы — спыніць катаванні ў дачыненні Васьковіча.

За спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынку КДБ у Бабруйску, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнаю сумессю, Васьковіча разам з Арцёмам Пракопенкам і Паўлам Сырамолатавым 18 мая 2011 года асудзілі на падставе ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных памерах) Крымінальнага кодэксу на 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў