Пасля «экскурсіі» ў Курапаты Лябедзьку будуць судзіць за збор подпісаў


Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку затрымалі 12 студзеня. На яго склалі пратакол за правядзенне несанкцыянаванай акцыі 5 студзеня.

14 студзеня ў судзе Савецкага раёну Менску адбудзецца разгляд адміністратыўнай справы.

Кіраўнік АГП разам з сустаршынёю кампаніі «За справядлівыя выбары!» Віктарам Карнеенкам збіралі подпісы за адмену аўтападатку і адстаўку ўраду, іх суправаджала «вялікая колькасць людзей са спецслужбаў і міліцыі».

«Сёння я планаваў пайсці адзін, бо ў Карнеенкі не атрымлівалася. Ізноў спецаперацыя: як я разумею, з самай раніцы дзяжурылі людзі, мяне затрымлівалі сем чалавек. Пры затрыманні я ўбачыў чалавека на вуліцы ды пачаў крычаць, хто я такі, каб ён паведаміў маім родным. Калі я пачаў крычаць, мяне пачалі біць па нырках, закінулі ў машыну, пагражалі. Адвезлі спачатку ў Савецкае РУУС, затым у апорны пункт. Я ўвесь час там знаходзіўся: знялі адбіткі пальцаў, забралі 16 налепак, склалі пратакол за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства 5 студзеня», – паведаміў палітык.

Лябедзька разлічваў, што прыблізна а 14:00 яго адпусцяць: «Але трымалі яшчэ тры гадзіны. Затым пагрузілі ў аўтамабіль, правезлі праз Курапаты, крэматорый і прывезлі дамоў у Вяснянку».

Суд над Лябедзькам 14 студзеня пачнецца а 10:00 у судзе Савецкага раёну Менска. Яго абвінавачваюць на падставе п. 3 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Санкцыі гэтага артыкулу цягнуць накладанне штрафу 20–50 базавых велічыняў ці адміністратыўны арышт. Не выключаюць, што перад судом паўстане і яшчэ адзін удзельнік збору подпісаў 5 студзеня – Віктар Карнеенка.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў