Беларускі тэатр і секс: «Зала выглядала, як падлетак, які ўпершыню паспрабаваў алкаголь»


«Свабодны тэатр» трэба «лавіць» у Менску альбо Лондане, але гэтаю зімою калектыў робіць падарунак усёй краіне. Міні-гастролі па абласных гарадах Беларусі «Свабодны тэатр» пачаў са спектаклю «Ліст для Кэці Акер. Менск’11».

У 1981 годзе амерыканка Кэці Акер (Кэці Экер, Kathy Acker), народжаная Кэрэн Лэмэн (Karen Lehmann) апісала Нью-Ёрк праз прызму сексуальнасці. Праз 30 гадоў беларускія драматургі паглядзелі праз шкло сексуальнасці на Менск, абраўшы часам дзеяння 2011 год, які «пачаўся ў нашай краіне на 13 дзён раней».

Дэфармаванае стаўленне да інтымных тэмаў бярэ карані ў праваслаўнай традыцыі нашых земляў, «адсутнасці сексу ў СССР» і нашай славянскай сціпласці. У квазітаталітарнай Беларусі сексуальнасць замятаецца пад дыван, але час ад часу тырчыць з-пад яго сваймі пульхнымі, апетытнымі бакамі, выклікаючы адначасова жаданне і злосць. На беларускія экраны не выходзяць «Жыццё Адэль» Абдэлятыфа Кешыша («La Vie d’Adèle», Abdellatif Kechiche) альбо «Німфаманка» Лярса фон Трыра («Nymphomaniac», Lars von Trier), іх замяняюць «пікантныя фотаздымкі» Міс Менску. Кіраўнік краіны абяцае не дапусціць пашырэння «галубятні» ў Беларусі, але не стараецца падаваць суайчыннікам прыкладу ўзорнага сем’яніна, трымаючы ў сакрэце імя маці свайго трэцяга сына.

Нешматлікія турысты не знойдуць тут гораў альбо мора: яны накіроўваюцца на пляцоўку перад цэнтральным «МакДоналдсам» у Менску з мэтаю завесці знаёмства на пятніцу і суботу. Каб запрашэнне ў Беларусь не было проста галаслоўнаю паштоўкаю ці прыгожым білбордам, мы распранаемся.

Вынікі даследавання сексуальнага поля сталіцы, з якімі трупа Шчэрбаня знаёміць палешукоў, выглядаюць тут нібы шокатэрапія. Невялічкая зала выглядае крыху панура: хтосьці апускае вочы дадолу, хтосьці заходзіцца гістэрычным смехам. «Я глядзела пастаноўку і кожны момант быў для мяне вельмі блізкім. Жыццё ў нас выглядае гэтак сама», – зазначае глядачка Аксана пасля паказу. І сапраўды, пад завесу публіка, падаецца, апрытомвае: апладысменты артыстам былі шчырыя і працяглыя, але падняцца ў людзей сілаў забракавала.

Пасля спектаклю акторка Яна Русакевіч каментуе няпоўную гатовасць залы да канца прымаць такое мастацтва: «Зала выглядала, як падлетак, які ўпершыню паспрабаваў алкаголь: яму і добра, і кепска адначасова, але ён не ведае, што з гэтым рабіць».

Віка Біран кажа, што «выхаванне публікі – працэс цяжкі, але яго трэба пачынаць», а больш за ўсё акторка хацела паказаць творы Свабоднага тэатру ў маленькіх гарадах Мікашэвічах, Жабінцы, Пінску.

Наступным прыпынкам для трупы будзе, аднак, Магілёў. 17 студзеня там пакажуць «Спазнаючы каханне» паводле п’есы Наталлі Каляды і Мікалая Халезіна.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў